БАРБЕРЫ́НІ (Barberini) Рафаэль, італьянскі падарожнік 16 ст. У 1564 як прыватная асоба наведаў Маскву з рэкамендацыйным лістом ад англ. каралевы Лізаветы І да Івана IV Грознага. Вынікі паездкі выклаў у кнізе «Паведамленне аб Масковіі» (1565) у форме ліста да бацькі, дзе даў каштоўныя гіст. звесткі аб рас. гандлі, цэнах, гарадах, царскім і нар. побыце.
Тв.:
Рус.пер. — У кн: Сказания иностранцев о России в XVI и XVII в. СПб., 1843.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),
італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.Берніні і Ф.Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.
К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАМІ́НІ (Borromini),
Бараміна (Borromino; сапр.Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.Мадэрна і Л.Берніні, усе ў Рыме) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА,
афіцыйная папская бібліятэка ў Рыме. Засн. ў 4 ст. У 1990 у фондах 1,3 млн. адзінак, у т. л. каля 8 тыс. інкунабул і каля 100 тыс. графічных твораў мастацтва. Неаднаразова знішчалася і мяняла месцазнаходжанне (Рым, Латэран, Авіньён). Сучасны выгляд б-ка набыла ў 15 ст. пры папе Мікалаю V, які арганізаваў скрыпторый (майстэрню па перапісванні кніг) і забяспечыў доступ да бібліятэчнага збору шырокай публікі. У 16 ст. папа Сікст V перанёс б-ку ў Ватыканскі палац, дзе яна знаходзіцца і цяпер. У 1911—18 мадэрнізавана А.Рацы (будучы папа Пій XI). Абслугоўвае царк. і навук. ўстановы. У фондах б-кі адна з найбагацейшых у свеце калекцый рукапісаў (больш як 61 тыс. адзінак) і аўтографаў (Фамы Аквінскага, Ф.Петраркі, Т.Таса, М.Лютэра, Мікеланджэла, усяго каля 100 тыс.), каштоўныя прыватныя кнігазборы: шведскай каралевы Крысціны, сем’яў Борджа, Барберыні, Кіджы, Росі. Выдае каталогі спец. збораў, тыражуе фотакопіі і мікрафільмы інкунабул. Пры б-цы 3 музеі.