КАЎБА́СНЫЯ ВЫ́РАБЫ,

харчовыя прадукты з папярэдне апрацаваных мяса, тлушчаў і інш. сыравіны жывёльнага і расліннага паходжання. Адрозніваюць К. в. вараныя (у т. л. сасіскі і сардэлькі), паўвэнджаныя, вэнджаныя, варана-вэнджаныя, ліверныя, крывяныя, сальцісоны, вантрабянкі, паштэты і студзені. Да К. в. адносяць таксама вэнджаніну.

Сыравінай для К. в. служаць нятлустая ялавічына, свініна, сала, часам бараніна і мяса птушкі, каніна, субпрадукты (печань, мазгі, сэрца, рубец і інш.). Сыравіна праходзіць мех. апрацоўку (выдаленне неядомых і малапажыўных частак, здрабненне) і фізіка-хім. апрацоўку (саленне, выспяванне, абсмажванне, варку, вэнджанне). У каўбасны фарш да даюць плазму харч. крыві, неразведзенае і абястлушчанае малако, малочны бялок, муку, крухмал. крупы, яйцы, а таксама соль, цукар, спецыі, вострыя прыправы. Выкарыстоўваюць кішачныя і штучныя (бялковыя, з цэлюлозы, палімерных плёнак) абалонкі (некаторыя вырабы фармуюць без абалонак). К. в. выпускаюцца і ў выглядзе кансерваў. Вядомыя са старажытнасці. У Стараж. Грэцыі невял. каўбаскі і напханыя свіныя страўнікі служылі закускай, у Рыме былі вядомыя вараныя каўбасы, маленькія вэнджаныя каўбаскі, свіныя каўбаскі колцам і ланцужком. З сярэдневякоўя К. в. сталі пашыранай стравай.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца развядзеннем с.-г. жывёл для вытворчасці жывёлагадоўчых прадуктаў. Забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малочныя прадукты, мяса, яйцы, мёд і інш.), лёгкую і харч. прам-сць сыравінай (скура, воўна, мяса, малако і інш.), дае жывую цяглавую сілу (коні, валы, аслы, мулы, вярблюды, паўн. алені і інш.), асобныя кармы (касцявая мука і інш.), лек. сродкі (гармоны, сывараткі) і арган. ўгнаенні. Грунтуецца на заатэхніі. Цесна звязана з раслінаводствам. Гал. падгаліны: буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля, авечкагадоўля, конегадоўля, козагадоўля, аленегадоўля, птушкагадоўля, зверагадоўля, пчалярства, рыбагадоўля, трусагадоўля, шаўкаводства. Развіта ў большасці краін свету. Таварная мясная і малочная Ж., птушкагадоўля на прамысл. аснове развіты ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, мясная Ж. — у краінах Лацінскай Амерыкі, свінагадоўля — у Кітаі, авечкагадоўля — у Аўстраліі і Новай Зеландыі. У свеце налічваецца (1994; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1279,5, у т. л. ў Індыі — 193, Бразіліі — 151,6, ЗША — 101,8; свіней — 873,1, у т. л. ў Кітаі — 400,7, Бразіліі — 151,6, ЗША — 56,8; авечак — 1103, у т. л. ў Аўстраліі — 132, Кітаі — 112,4, Новай Зеландыі — 51. Вытв-сць асн. прадуктаў Ж. складае (1994; млн. т); мяса — 193,8 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Бразілія), малака — 460,1 (гал. вытворцы ЗША, Расія, Індыя), яец — 39 (гал. вытворцы Кітай, ЗША, Японія), воўны — 2,7 (гал. вытворцы Аўстралія, Новая Зеландыя, Кітай). Ж. развіта ва ўсіх краінах, якія ўтварыліся на тэр. б. СССР, асабліва ў Прыбалтыцы, на Украіне, у Расіі. Аднак пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці прадукцыі Ж. ў гэтых краінах у 1990-я г. набылі тэндэнцыю да скарачэння. У Беларусі мяса-малочная Ж. займае вядучае месца сярод галін сельскай гаспадаркі. Найб. актыўна яна развівалася ў 1960—80-я г. (гл. табл. 1). У сувязі са скарачэннем пагалоўя ў 1990-я г. знізілася і валавая вытв-сць усіх відаў прадукцыі Ж. (гл. табл. 2). Скараціліся вытв-сць і спажыванне прадукцыі Ж. ў разліку на душу насельніцтва. У 1990 было атрымана мясной прадукцыі на 1 чалавека 75 кг, а ў 1996—60,5 кг. У структуры мясной прадукцыі, атрыманай на Беларусі, ялавічына складае 44,4%, свініна — 43,8, птушынае мяса — 10,2, бараніна — 0,6, іншыя віды — 1%. Асноўная ч. атрыманага мяса, малака і яец прыпадае на грамадскі сектар, адпаведна 72, 59 і 60% (1996). Больш развіта Ж. на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай і на З Мінскай абласцей, якія лепш забяспечаны кармамі, прац. рэсурсамі і матэрыяльна-тэхн. сродкамі.

Н.В.Жураўская.

Н.В.Жураўская.
Табліца 1. Пагалоўе жывёлы ў Беларусі (на пачатак года, тыс. галоў)
Усе катэгорыі гаспадарак 1941 1970 1991 1995 1997
Буйная рагатая жывёла, 5077 6975 5404 4855 2844
у т. л. каровы 1956 2522 2362 2181 2043
Свінні 2520 3651 5051 4004 3715
Авечкі і козы 2578 670 445 284 214
Коні 1170 333 217 220 232
Птушкі, млн. галоў 24,3 50,6 45,3 40,8
Табліца 2. Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі ў Беларусі
Усе катэгорыі гаспадарак 1940 1970 1990 1995 1996
Мяса (у забойнай вазе), тыс. т. 275 710 1181 657 623
у т. л. свініны 134 335 438 263 273
Малака, тыс. т 2005 5296 7457 5070 4908
Яец, млн. шт. 612 1671 3657 3373 3441
Воўна, т 3285 1213 958 396 328

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),

Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн. ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс. км². Нас. 272,55 тыс. чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г. Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.

Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.

Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс. ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс. чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты з нарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл. Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным з асн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л. з усх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв. царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст. эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.

1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш. еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці з Прагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс. дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн. т. Ловяць пераважна мойву (​1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд. кВт гадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс. кВт гадз за год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сць буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс. т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс. км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал. трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер. ваен. база. Экспарт (1,6 млрд. дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд. дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс. дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.

Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадлырымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн. літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Хансс П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.

Літ.:

Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;

Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;

Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;

Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;

Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.

Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Ісландыі.
Да арт. Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.
Да арт. Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.

т. 7, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),

дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс. км², Паўднёвы — 151,8 тыс. км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс. км²). Пл. 269,1 тыс. км². Нас. 3662,3 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Уэлінгтан, асн. прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).

Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.

Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр. ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-ра ліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял. нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Пауднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс. км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс. ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.

Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.

Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд. ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн. м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн. т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд. кВт гадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч. прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн. га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн. га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс. т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс. т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс. т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс. км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд. дол., імпарт — 13 млрд. дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.

Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ. літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) і т.зв. калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст. псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст. сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л. псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш. маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.

Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац. муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.

Літ.:

Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;

Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;

Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).

Герб і сцяг Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.
Да арт. Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.
Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.
Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.

т. 11, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)