КУСКО́ВА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.​І.​Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.​І.​Калагрываў, Ф.​С.​Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).

Літ.:

Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.

Вялікая каменная аранжарэя ў Кускове.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ША, выпас,

зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.

Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.

На Беларусі пад П. занята 1,7 млн. га, з іх палепшанай 1,1 млн. га, асушанай 0,78 млн. га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Літ.:

Баранова М.Е., Пиотрашко Л.А., Мурашко В.Г. Луговодство и пастбищное хозяйство. 2 изд. Мн., 1980;

Руденко Е.В., Марчяускас С.П., Башлаков Н.Ф. Эксплуатация культурных пастбищ. Мн., 1982;

Создание и рациональное использование пастбищ. Мн., 1998.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)