Банапартызм 2/121; 7/386 387; 10/633

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАНАПАРТЫ́ЗМ,

гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона I і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́Н III (Napoléon),

Шарль Луі Напалеон Банапарт (20.4.1808, Парыж — 9.1.1873), французскі паліт. і дзярж. дзеяч, імператар Францыі [1852—70]. Сын Луі Банапарта, брата Напалеона I. З 1815 у эміграцыі. У 1836 і 1840 рабіў спробы захапіць уладу ў Францыі. У 1840 асуджаны на пажыццёвае зняволенне, у 1846 уцёк з турмы, жыў у Вялікабрытаніі. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 вярнуўся ў Францыю. З чэрв. 1848 дэпутат франц. Нац. сходу. У снеж. 1848 выбраны прэзідэнтам Франц. Рэспублікі. 2.12.1851 ажыццявіў ваен. пераварот, распусціў Нац. сход і ўсталяваў сваю дыктатуру. 2.12.1852 абвясціў сябе імператарам. Праводзіў палітыку падладжвання пад розныя класы франц. грамадства (гл. Банапартызм). Пры ім Францыя ўдзельнічала ў Крымскай вайне 1853—56, вайне з Аўстрыяй (1859), разам з Вялікабрытаніяй — у агрэсіі супраць Кітая (1856—58 і 1860), ажыццявіла ваен. экспедыцыю ў Сірыю (1860—61), захоп паўд. Індакітая (1858—62), Мексіканскую экспедыцыю 1861—67. Паражэнне Мексіканскай экспедыцыі, памылкі і няўдачы франц. дыпламатыі падарвалі аўтарытэт Н.III. Крах імперыі Н.III не здолела прадухіліць палавіністая лібералізацыя, яго паскорыла франка-пруская вайна 1870—71. Пасля паражэння пры Седане 2.9.1870 здаўся ў палон прускім войскам. У выніку рэвалюцыі 4.9.1870 у Парыжы пазбаўлены трона. Пасля вызвалення (1871) жыў у Вялікабрытаніі.

П.​А.​Тупік.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАТУ́РА,

1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.

2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.

Літ.:

Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;

Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;

Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);

Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)