Сутан Такдыр Алішах-бана 5/86

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНЬ,

старажытнакітайскае царства. Узнікла каля 10 ст. да н.э. Першапачаткова залежала ад дынастыі Чжоў. Яго тэрыторыя ўключала зах. і паўн.-зах. часткі сучаснай прав. Шэньсі, усх. ч. Ганьсу і Пн Сычуані. У перыяд Cantio (5—3 ст. да н.э.) была адной з 7 магутных дзяржаў Кітая. Узмацненне Ц. звязана з рэформамі Шан Яна. У сярэдзіне 4 ст. да н.э. пачало барацьбу супраць інш. царстваў і да 221 да н.э. падпарадкавала іх, стварыўшы цэнтралізаваную імперыю Ц. Заснавальнік імперыі — Цынь Шыхуандзі (259—210 да н.э.), правіцель царства Ц. [246—221 да н.э.] і імператар [221—210 да н.э.]. Пры ім дзяржава падзелена на 36 адм. акруг, уніфікавана пісьменнасць, створана адзіная сістэма мер і вагаў, пачалося будаўніцтва (у 215 да н.э.) Вялікай кітайскай сцяны. У 212 да н.э. жорстка расправіўся з канфуцыянцамі. Узмацненне падатковага ціску і няспынныя войны выклікалі нар. паўстанні пад кіраўніцтвам Чэнь Шэна, У Гуана, Лю Бана і інш. У 207 да н.э. войска Лю Бана захапіла сталіцу Сяньян, дынастыя Ц. спыніла існаванне.

Літ.:

Переломов Л.С. Империя Цинь — первое централизованное государство в Китае (221—202 гг. до н.э.). М., 1962.

т. 17, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЬ ГУ, Бань Мэн-цзянь (32, г. Аньлінь, Кітай — 92),

старажытнакітайскі гісторык. Брат палкаводца Бань Чао. Займаў розныя пасады пры імператарскім двары. Як памочнік палкаводца Доу Сяня ў няўдалым паходзе ў 92 супраць гунаў быў разжалаваны і зняволены. Аўтар (разам з бацькам Бань Бяо і сястрой Бань Чжао) складзенай у 58—82 «Гісторыі Старэйшай дынастыі Хань», якая ахоплівае перыяд у 230 гадоў ад праўлення імператара Лю Бана да Ван Мана. Пісаў і літ. прозу.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ЕР (Krøyer) Педэр Северын (23.7.1851, г. Ставангер, Нарвегія —20 ці 21.11.1909),

дацкі жывапісец-рэаліст. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (1864—70), працаваў у майстэрні Л.​Бана ў Парыжы. У творах імкнуўся перадаць рухі, святло-паветр. асяроддзе і яго ўздзеянне на форму прадметаў: «Чыстка сардзін у Канкарна ў Брэтані» (1879), «Вясковы капялюшнік у Італіі» (1880), «Рыбакі на беразе мора» (1883), «Пасяджэнне Акадэміі навук» (1897). Аўтар партрэтаў Розенёрн-Лен (1891), Х.​Драхмана (1902) і інш.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕР Альфрэд Ізідар (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),

жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.​І.​Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.​Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.​Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.​Русецкага, К.​Эстрэйхера, Ф.​Даноўскага, У.​Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.​Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

А.Ромер. Партрэт паўстанца 1863 года. 1870-я г.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 у Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак. створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.​Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена ​1/3 с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп. Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг. нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.​Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр. паўстання ў Вене (гл. Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.​Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч. тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн. венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг. дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.

Літ.:

Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;

Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая (харвацка-сербская), што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце сербамі і харватамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы сербаў, чарнагорцаў, харватаў і мусульманскай часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час турэцкага панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус харвацкай мовы (Рэспубліка Харватыя) і С.м. (Саюзная Рэспубліка Югаславія). Ужываецца ў Венгрыі, Румыніі, Германіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш.

У аснове С.м. — штокаўскі дыялект з трыма асн. тыпамі гаворак (екаўскі/іекаўскі, экаўскі і ікаўскі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных, адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у пэўных пазіцыях гук р словаўтваральны, з 25 зычных 5 мяккія (љ, њ больш мяккія, чым бел. [ль], [нь]), [х] менш актыўны, чым бел. [х] (у многіх гаворках страчаны ці замяняецца санорнымі [в] і [ј]), націск політанічны ці музычны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адз.л., марфал. выражэнне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў назоўніках адз.л. м.р., адсутнасць скланення ў колькасных лічэбніках пасля 5, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова, займеннікавыя і дзеяслоўныя энклітыкі, суіснаванне інфінітыва і канструкцыі «да + форма цяперашняга часу», якая яго змяняе; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык.

Першыя пісьмовыя помнікі: кірылічныя Міраславава і Вуканава евангеллі (канец 12 — пач. 13 ст.), Грамата бана (баснійскага правіцеля) Куліна 1198. Развіццё пісьменства і літ. мовы затармазілася нашэсцем туркаў (канец 14 ст.) і шматвяковым турэцкім прыгнётам. Пісьмовая традыцыя развівалася толькі на свабодных ці часткова незалежных тэрыторыях і ў суседніх землях (у 1494 у Чарнагорыі іераманах Макарый надрукаваў слав. кірылічную кнігу, у 15 ст. ў рукапісах распаўсюджвалася па Русі «Сербская Александрыя», у 16 ст. на Беларусі зроблены пераклад-пераказ з сербскага перакладу «Аповесці пра Баву Каралевіча»). Сучасная літ. С.м. сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. на базе наваштокаўскіх гаворак. У яе фарміраванні вызначальнай была дзейнасць В.​Караджыча. Рэфармаваны ім сербскі кірылічны алфавіт (вуковіца) адлюстроўвае спецыфіку гукавой сістэмы С.м., у т. л. за кошт увядзення спец. графічных знакаў для перадачы спецыфічных сербскіх зычных. Выкарыстоўваецца і лацінка (асабліва ў побытавай сферы).

Літ.:

Толстой Н.И. Литературный язык у сербов в конце XVIII—начале XIX в. // Национальное возрождение и формирование славянских литературных языков. М., 1978;

Леонова Л.В. Сербскохорватский язык. Мн., 1988;

Сокаль Н.И., Зайцева С.В., Вукович Б. Сербский язык. СПб., 1996;

Српски језик на Крају века. Београд, 1996;

Булахов М.Г. Сербский язык // Булахов М.Г. Славянские языки: происхождение, история, современ. состояние. Мн., 2001.

Л.​В.​Лявонава.

т. 14, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)