ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,

біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЧА́НСКІ,

біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).

Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСА́НІН Іван Восіпавіч (?, с. Дзеравенькі б. Кастрамскога пав. — сак. 1613),

рускі селянін, які ахвяраваў сабой дзеля выратавання цара ў перыяд вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У сак. 1613 атрад шляхты Рэчы Паспалітай, які накіроўваўся да с. Домніна (вотчына Раманавых за 3 км ад с. Дзеравенькі) з мэтай захапіць толькі што абранага царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, узяў С. правадніком. С. паслаў свайго зяця Б.​Сабініна папярэдзіць цара, а сам наўмысна завёў атрад у непраходны балоцісты лес, за гэта закатаваны. Ушаноўваецца як нац. герой рус. народа. У гонар С. названы гар. пасёлак і раён у Кастрамской вобл., яго подзвіг адлюстраваны ў маст. л-ры, у оперы М.​І.​Глінкі «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»), У Кастраме помнік (1967). У Вял. Айч. вайну 1941—45 подзвіг С. на Беларусі паўтарылі І.​С.​Цуба (гл. Цубы), І.Ю.Філідовіч і інш.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)