група парод дробных даўгашэрсных дэкар. сабак. Выведзены ў г. Балоння (Італія). У свеце больш вядомыя пад назвай бішоны: вялікі, гаванскі, бішон-фрыз, бішон-ліо і інш. Гадуюцца сабакаводамі-аматарамі ўсюды.
Найб. пашыраны балонкі: мальтыйская (балонскі бішон), выш. ў карку 20—25 см пры масе 3—4 кг (іншы раз да 5 кг), поўсць белая, прамая, шаўкавістая, тонкая; французская (бішон-фрыз), выш. ў карку 20—26 см, поўсць белая, доўгая, мяккая, хвалепадобная або кучаравая з густым падшэрсткам. Ва ўсіх балонак морда карацейшая за чэрап, вушы віслыя, на храстку, канстытуцыя сухая, мускулістая. Сабакі разумныя, рухавыя, даўгавечныя. Гадуюць таксама каляровых балонак, выведзеных у 1950-я г. ў Ленінградзе скрыжаваннем з пекінесамі і тыбецкімі тэр’ерамі, ад якіх яны атрымалі ў спадчыну масць розных адценняў, больш расцягнутае тулава і вышыню да 28 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПАКАЁВЫЯ САБА́КІ,
пакаёвыя сабакі, група выведзеных парод свойскіх сабак з арыгінальнымі вонкавымі формамі і канстытуцыяй, якіх гадуюць з эстэтычнымі і пазнавальнымі мэтамі. Як дэкар. трымаюць некат. службовых сабак і паляўнічых сабак, якія страцілі сваё першапачатковае прызначэнне. Асабліва папулярныя карлікавыя тэр’еры і пінчэры, балонкі, пудзелі, шпіцы, японскі хін і інш. На Беларусі з Д.-п.с.найб. гадуюць балонак, сенбернара, пекінскага сабаку, французскага бульдога, чау-чау, японскага хіна, некат. шпіцаў, пудзеляў, тэр’ераў, пінчэраў.
Шпіцы (вялікі, карлікавы, вольфшпіц) выш. ў карку 27—50 см; поўсць пушыстая, густая, белая, чорная, шэрая, рыжая. Тэр’еры (скотч- і скайтэр’ер) выш. ў карку 18—26 см; поўсць кароткая або доўгая чорная і карычневая з падпалінамі, шэрая, рыжая і інш.; хвост купіруецца. Пінчэры (сярэдні і карлікавы) выш. ў карку 25—48 см; поўсць кароткая чорная з падпалінамі; купіруюцца хвост і вушы.