Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),
рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).
Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖГІРЫ́, яршы (Gymnocephalus),
род рыб сям. акунёвых. 4 віды: Дж., або ёрш звычайны (G. cernua); Дж., або ёрш-насар, або біручок (G. acerina); Дж., або ёрш паласаты (G. schraetser); Дж., або ёрш Балона (G. baloni). Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, акрамя Крайняй Поўначы, Каўказа, Крыма, Сярэдняй Азіі і бас. Ціхага ак. На Беларусі 3 віды: звычайны (мясц. назва ёрш, ажгур, яжгур) жыве ў рэках, азёрах і інш. вадаёмах, насар (мясц. назвы біручок, бабыр, ваўчок, чыранос) трапляецца ў Дняпры, Балона знойдзены ў Прыпяці.
Даўж. да 30 см, маса да 200 г (зрэдку да 600 г). Цела сціснутае з бакоў. На галаве вял. поласці сенсорных каналаў. Рот невялікі, высоўны, паўніжні. Пераднакрыўка з некалькімі шыпамі. На накрыўцы моцны шып. Спінны плаўнік адзін, калючая частка зліта з разгалінаванай. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі рыб. Аб’екты лоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ТЭР
(англ. barretter),
цеплавая прылада для падтрымання пастаянства сілы току ў ланцугу. Складаецца з запоўненага вадародам шклянога балона, унутры якога знаходзіцца метал. дроцік. Цеплавы рэжым барэтэра выбраны так, што пры павольных зменах напружання на канцах дроціка сіла току ў ім у пэўных межах застаецца пастаяннай. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроннай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАРЭ́З,
апарат для кіслароднай рэзкі і зваркі металаў. Працуе на вадкім паліве (бензін, газа). Мае бак для паліва, гарэлку спец. канструкцыі (разак) і шлангі падачы паліва і кіслароду. У разаку паліва выпарваецца і змешваецца з кіслародам. Пры гарэнні сумесі ўтвараецца полымя, якое падаграе метал і выпарае паліва. Падагрэты метал рэжуць струменем кіслароду, які падаецца з балона пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.