БАКЛА́НАЎ Рыгор Якаўлевіч
(н. 11.9.1923, г. Варонеж),
рускі пісьменнік. Скончыў Літаратурны ін-т імя М.Горкага (1951). Гал. рэдактар час. «Знамя» (з 1986). Першая аповесць «У Снегірах» (1954). Вядомасць прынеслі аповесці пра Вял. Айч. вайну «Дзевяць дзён» («На поўдзень ад галоўнага ўдару», 1958), «Пядзя зямлі» (1959), «Мёртвыя сораму не маюць» (1961), «Ліпень 41 года» (1964; аднайм. раман 1965), «Карпухін» (1966), «Тэмп вечнай пагоні» («Месяц у Амерыцы», 1972), «Навекі — дзевятнаццацігадовыя» (1979, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Меншы сярод братоў» (1981). Аўтар рамана «Сябры» (1975), нарысаў, кінасцэнарыяў. Паглыблены псіхалагізм, замкнутасць сферы развіцця дзеяння, кантрастнасць дэталяў — характэрныя рысы маст. манеры пісьменніка.
т. 2, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛА́НАЎ Міхаіл Іванавіч
(12.2.1914, с. Іванаўка Валнавахскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 23.1.1990),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969).Вучыўся ў Харкаўскім інж.-буд. ін-це (1936—41). З 1944 працаваў у ін-це «Белдзяржпраект». Асн. работы: рэканструкцыя будынка Дзярж. рус. драм. тэатра Беларусі (1950), арх.-буд. тэхнікум (1954), Дзярж. маст. музей Беларусі, жылыя дамы па вул. К.Маркса (1954), на рагу вуліц Захарава і Першамайскай (1958), будынкі Бел. аграрнага тэхн. ун-та (1960, 1979), мед. ін-та (1966), корпус ф-та радыёфізікі БДУ (1966, у сааўт.) у Мінску; гал. корпус турысцкай базы (1968) і комплекс дома адпачынку «Сосны» (1975) на воз. Нарач (Мядзельскі р-н).
т. 2, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЛА́НЫ
(Phalacrocoracidae),
птушкі сямейства бакланавых атр. весланогіх, 2 роды, 30 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць на марскіх узбярэжжах, астравах, вял. унутр. вадаёмах. На Беларусі вельмі рэдка трапляецца як залётны від баклан вялікі (Phalacrocorax carbo).
Даўж. 55—92 см, маса да 3 кг. Апярэнне дарослых чорнае. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі, шорсткі. Пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Добра плаваюць і ныраюць на вял. глыбіню. Гняздуюцца калоніямі. Гнёзды будуюць на скалах, дрэвах, заломах чароту, на роўных берагах. Нясуць 2—4 яйцы. Кормяцца рыбай і ракападобнымі. Шкодзяць рыбнай гаспадарцы. У некаторых раёнах Японіі і Кітая шмат стагоддзяў бакланаў выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы. Некаторыя занесены ў Чырв. кнігі МСАП і б. СССР.
т. 2, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)