БАКАЛА́ЎР (лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),

першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел. ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. Экзаменаў.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЙДЖЭЛ, Нейгел (Nagel) Стывен (н. 27.10.1946), касманаўт ЗША. Бакалаўр навук у галіне аэранаўтыкі і астранаўтыкі. Скончыў Ілінойскі ун-т (1969). З 1979 у групе касманаўтаў НАСА Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 17—24.6.1985 — на КК «Дыскаверы», 30.10—6.11.1985 — на КК «Чэленджэр», 5—11.4.1991 — на КК «Атлантыс», 26.4—6.5.1993 — на КК «Калумбія». У космасе правёў 30,1 сут.

У.С.Ларыёнаў.

Г.Г.Нейгаўз.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),

французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;

Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.

Г.В.Сініла.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі для патрэб навукі, тэхнікі, культуры. На Беларусі ствараецца шматузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі (гл. Вышэйшыя навучальныя ўстановы). Яна дазваляе пашырыць магчымасці вышэйшай школы ў забеспячэнні культ.-адукац. запатрабаванняў асобы і грамадства; павысіць гнуткасць агульнаадук., навук. і прафес. падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрабаванняў эканомікі і рынку працы; стварыць умовы для больш поўнага забеспячэння падрыхтоўкі моладзі па кірунках, што адпавядаюць яе здольнасцям і інтарэсам. Шматузроўневая сістэма заснавана на прынцыпах дзярж. палітыкі ў галіне адукацыі, вызначаных законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) і міжнар. стандартнай кваліфікацыяй, прынятай ЮНЕСКА. Структура гэтай сістэмы мае 2 узроўні: 1-ы ўзровень (падрыхтоўка спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, тэрмін навучання 4—5 гадоў) складаецца з 2 ступеняў. Першая ступень — 2 гады навучання, дае студэнту базавую падрыхтоўку (агульную гуманітарную, агульную навук. і пэўны аб’ём прафесійнай); 2-я ступень — працяг навучання 2—3 гады, дае прафес. падрыхтоўку па спецыяльнасці разам з дадатковай гуманітарнай і навук., у т. л. па праграме бакалаўрыята (гл. Бакалаўр). 2-і ўзровень (тэрмін навучання 1—2 гады) прадугледжвае спецыялізаваную (паглыбленую) падрыхтоўку спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці, падрыхтоўку магістраў.

А.П.Сманцар, С.В.Снапкоўская.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)