БАЙТ (англ. byte) у вылічальнай тэхніцы, 1) частка машыннага слова, што складаецца са стандартнай колькасці (звычайна 8) двайковых разрадаў (бітаў) і апрацоўваецца як адно цэлае.

2) Запамінальнае прыстасаванне для захоўвання такой колькасці інфармацыі.

3) Адзінка колькасці інфармацыі пры яе перадачы, захоўванні і апрацоўцы на ЭВМ (у т. л. як частка больш буйной лагічна непадзельнай адзінкі інфармацыі, напрыклад выяўлення ліку з плавальнай коскай). Байт служыць для вызначэння літар або інш. сімвалаў, якія цалкам займаюць байт, або дзесятковых лічбаў (па 2 лічбы на 1 байт).

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЗІ́РАВАННЕ ў кібернетыцы,

пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.​Э.​Шэнанам (1950-я Г.).

У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМ найб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)