БАЙКО́Ў (Мікалай Сафронавіч) (крас. 1915, в. Покаць Чачэрскага р-на Гомельскай вобласці — ?),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Радавы Байкоў вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на (Гомельская вобл.): у ліку першых пераправіўся цераз Дняпро, пры ўтрыманні захопленага плацдарма паранены працягваў з групай байцоў адбіваць контратакі праціўніка, чым садзейнічаў поспеху пераправы. Прапаў без вестак 3.10.1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),
рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Мікалай Якаўлевіч) (22.2.1889, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія — пасля 1945),
бел. мовазнавец, педагог. З 1913 выкладаў у навуч. установах Мінска. У 1922—28 вучоны сакратар слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, вызвалены з акадэмічнай пасады. Аўтар артыкулаў па педагогіцы, бел. л-ры, лексікаграфічных прац. Выдаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, з М.Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва з С.Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, з А.Бараноўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),
рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад.АНСССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.