БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),

чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс. км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л. Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМ,

гл. Байкала-Амурская магістраль.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́Л,

возера ў Расійскай Федэрацыі, на Пд Усх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м. Пл. 31,5 тыс. км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс. км³) у свеце, змяшчае каля ​1/5 сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс. км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж.пач. студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш. Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх. ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн.Байкала-Амурская магістралі.

Воз. Байкал.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН (Глеб Юр’евіч) (14.4.1889, в. Гасцееўка Тамбоўскай вобл., Расія — 5.2.1944),

савецкі гідрабіёлаг, азёразнавец. Д-р геагр. н., прафесар. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). З 1914 у Заал. музеі Пецярбургскай АН, з 1925 узначальваў Байкальскую экспедыцыю АН СССР, з 1930 дырэктар Байкальскай лімналагічнай станцыі. Навук. працы па планктоне і прэснаводных ракападобных, ледавіковым рэжыме, дынаміцы і марфалогіі берагоў, гідрабіялогіі Байкала. Аўтар тэорыі марскога паходжання байкальскай фауны і флоры.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),

1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.

2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.

Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.

Драч.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,

прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і З поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і З вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр. ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн. ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-ра ліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх. ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч. схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

сістэма рознаўзроставых гор, пласкагор’яў і дэпрэсій у зах. ч. Антарктыды. Уключае горы Антарктычнага п-ва і прылеглых прыбярэжных астравоў, горы Элсуэрт, пласкагор’і Зямлі Мэры Бэрд, вулканічны пояс прыбярэжнай ч. і дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса. Горы Антарктычнага п-ва даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. выш. да 4191 м (г. Джэксан); складзены з гнейсаў, амфібалітаў, граўвакава-сланцавых і пясчана-аргілітавых парод з праслоямі вулканітаў (магутнасцю больш за 15 км). Ўсе адклады прарваны інтрузіямі гранітоідаў; уплыў грэнвільскай, байкала-каледонскай, герцынскай, кімерыйскай і альпійскай эпох складкавасці. Горы Элсуэрт даўж. больш за 400 км, найб. выш. гор і мацерыка 5140 м (масіў Вінсан). Складзены з карбанатна-тэрыгенных і вапняковых парод (магутнасць больш за 12 км); уплыў каледонскай і герцынскай эпох складкавасці. Паміж гарамі Элсуэрт і м. Роса ляжыць Зямля Мэры Бэрд — пласкагор’е (пл. 500 тыс. км²) з вяршынямі больш за 3000 м і глыбокімі ўпадзінамі, найб. глыб. да 2555 м, дно гэтай упадзіны ніжэй узр. м. Прыбярэжны раён Зямлі Мэры Бэрд — вулканічнае плато, укрытае ледзяным панцырам, з конусамі патухлых вулканаў; найб. выш. 4181 м (г. Сідлі). Плато складзена з алівінавых базальтаў, трахітаў і інш. у альпійскую эпоху складкавасці. Дэпрэсіі мораў Уэдэла і Роса адносяцца да альпійскага перадгорнага прагіну-жолаба. Ва ўпадзіне м. Роса асадкавыя пароды магутнасцю больш за 3 км.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАНІЗА́ЦЫЯ,

1) у старажытнасці сталае рассяленне плямён (народаў) на новых тэрыторыях, часта ўжо занятых інш. плямёнамі; заснаванне паселішчаў у чужых землях (актыўна праводзілася асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі). Была выклікана недахопам с.-г. зямель, гандл. экспансіяй і інш. 2) Засяленне і гасп. асваенне ўскраінных зямель краіны, якія пустуюць (унутраная К.), або заснаванне паселішчаў паза яе межамі (знешняя К.). Мела добраахвотны, прымусовы (высылкі і інш.) ці добраахвотна-прымусовы (служба) характар. З часоў Вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. К. інш. раёнаў еўрапейцамі суправаджалася прымусовым падпарадкаваннем мясц. насельніцтва ў Новым Свеце (гл. Каланіялізм). Вял. памеры К. былі ў Расіі (з канца 16 ст. асваенне Сібіры і Д. Усходу, у 16—17 ст. засяленне паўд. раёнаў Еўрап. Расіі, у 18 ст. Паўн. Прычарнамор’я, у 18—1-й пал. 19 ст. гасп. асваенне Заволжа). У канцы 19 — пач. 20 ст. рас. ўрад арганізавана перасяляў сялян з зах. і цэнтр. раёнаў імперыі ў Сібір, Сярэднюю Азію, Казахстан, на Д. Усход і інш. Толькі з Беларусі з 1885 да 1914 выехала ў Сібір больш за 500 тыс. чал. У БССР у 1920-я г. добраахвотнае перасяленне малазямельных сялян у Сібір набыло вялікія памеры (толькі ў 1924 заявы аб перасяленні ў Сібір падалі 8860 сем’яў). У час калектывізацыі сельскай гаспадаркі з Беларусі ў Казахстан і Сібір прымусова выслана 300—400 тыс. чал., т.зв. «кулакоў». У СССР апошнія хвалі масавай унутранай К. былі звязаны з асваеннем цалінных зямель (з 1954) і буд-вам Байкала-Амурскай магістралі (з 1974), куды таксама выехала нямала беларусаў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)