БАДА́К (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.Ханок, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЯРО́ЗКА»,
штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.