БАГРЫ́НАВА,

вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,

старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.

У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.

На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.

В.Л.Насевіч.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА.

Існавала ў 12—16 ст.; адзін з удзелаў, на якія ў 12 ст. распалася Полацкая зямля. Утворана, магчыма, пасля смерці кн. Усяслава Брачыславіча (1101) як удзел яго сына Барыса. Пасля Д.к. належала сынам апошняга Рагвалоду і Івану, менскаму кн. Расціславу Глебавічу і яго сыну Глебу (з 1151), зноў Рагвалоду Глебавічу (з 1158), яго сынам Глебу (1180) і Усяславу (1186) і мяркуемаму ўнуку Барысу (1197). У 13 — пач. 14 ст. ў Д.к., верагодна. правіла мясц. дынастыя, якая ў 1-й пал. 14 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад Гедзіміна ці яго сына Альгерда. Пасля заняцця Альгердам велікакняжацкага пасада (1345) Д.к. ўвайшло ў ВКЛ. У 2-й пал. 14—1-й пал. 15 ст. яно ахоплівала тэрыторыю паміж Барысаўскай вол. на 3, Лукомскім княствам і Аболецкай вол. на Пн, Аршанскай і Копыскай вол. на У, Цяцерынскай вол. на Пд (часткі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага р-наў). З 2-й пал. 15 ст. Д.к. пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэр. паміж асобнымі галінамі кн. Друцкіх. Маёнткі Багрынава, Гольцава, Шыйкі адышлі да вял. князя і былі падараваны кн. Адзінцэвічам. Друцкі замак заставаўся ў сумесным валоданні ўсіх кн. Друцкіх. З канца 15 ст. ў выніку згасання некат. галін кн. Друцкіх іх долі ў Д.к. перайшлі да інш. феад. родаў: кн. Ямантовічаў, Гаштольдаў, Іллінічаў, Гарнастаяў, Сапегаў. У 16 ст. Д.к. канчаткова ператварылася ў кангламерат самастойных феад. вотчын. Пасля адм. рэформы ў ВКЛ 1565—66 яго тэр. цалкам уключана ў Аршанскі павет.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)