Бабры (в.) 2/50; 5/263 (к.); 6/540

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЛ-РО́ЯЛ (Isle Royale),

нацыянальны парк у ЗША, штат Мічыган. Засн. ў 1931. Знаходзіцца на воз. Верхняе (самае вял. прэснаводнае возера свету). Пл. каля 216 тыс. га, у т. л. 54 тыс. га сушы (в-аў Айл-Роял). Захоўваюцца першабытныя хвойныя і цвердалістыя лясы; бабры, разнастайная іхтыяфауна (46 відаў рыб) і арнітафауна (197 відаў птушак). Біясферны рэзерват.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 18 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,27 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, параслі лесам, асобныя ўчасткі разараныя. Берагі нізкія, на ПдЗ сплавінныя. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. На Пн злучана пратокай з воз. Доўгае. Па берагах возера жывуць бабры.

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАФА́ГІЯ,

жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл. Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.

І.​Е.​Кернажыцкая, Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАРАЁН,

структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вял. гарадах разлічаны на 12—20 тыс., у сярэдніх на 6—12 тыс. жыхароў. Складаецца з комплексу жылых дамоў, паблізу якіх размяшчаюцца ўстановы культ.-быт. абслугоўвання (дзіцячыя сады, школы, крамы), спарт. пляцоўкі і зялёныя зоны. Планіроўка і забудова М. робіцца на аснове адзінай або расчлянёнай на групы жылых дамоў арх.-прасторавай арганізацыі тэр. з улікам прыродных і кліматычных умоў.

На Беларусі першыя М. пабудаваны ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскраінах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З 1970-х г. у вял. гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць М. Гэта дазволіла арганічна звязваць арх. вырашэнні з ландшафтам і трансп. камунікацыямі (Усход 1 у Мінску, Валатава ў Гомелі і інш.). Шматсекцыйныя, складанай канфігурацыі жылыя дамы ў спалучэнні з вышыннымі і малапавярховымі будынкамі культ.-быт. абслугоўвання ствараюць выразныя прасторавыя кампазіцыі. Сучасныя М. характарызуюцца большай разнастайнасцю пабудоў і іх каларыстычных вырашэнняў, добраўпарадкаванасцю тэрыторый, выкарыстаннем малых арх. форм (М. Зялёны Луг 5, Малінаўка ў Мінску, Поўдзень у Віцебску, Бабры ў Мазыры, № 12 у Салігорску і інш.).

Л.​С.​Патапаў, С.​А.​Сергачоў.

Мікрараён Бабры ў Мазыры.
Мікрараён Зялёны Луг 5 у Мінску.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКЛЕ́Я,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 37 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,95 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 9,2 км. Пл. вадазбору 24,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Складаецца з 2 плёсаў, злучаных пратокай. Схілы выш. да 5 м (на ПнУ і Пд да 10 м) пад лесам. Берагі нізкія, на Пд і У зліваюцца са схіламі, параслі лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае р. Няклейка. У возеры жывуць бабры.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШНЫ́Я ЗВЯРЫ́,

дзікія і выгадаваныя ў няволі млекакормячыя, шкуркі якіх выкарыстоўваюцца на футравыя вырабы. Належаць да атр. драпежных (собаль, скунс, выдра, куніца, норка, ліс, гарнастай, пясец, воўк, барсук, расамаха, шакал, рысь, тыгр, гепард, леапард, мядзведзь і інш.), грызуноў (вавёрка, андатра, бобр бабёр*, суслік, хамяк, бурундук, сурок, шыншыла), зайцападобных (зайцы, пішчухі), насякомаедных (хахуля, краты), ластаногіх (марскі коцік, грэнландскі цюлень). Здабыча і развядзенне П.з. найб. развіты ў Расіі, Канадзе, ЗША, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі. На Беларусі каля 25 відаў П.з., з якіх найб. пашыраны і шматлікія; краты, зайцы, вавёркі, лісы, куніцы, менш — бабры, выдры, гарнастаі, тхары; акліматызаваныя — норка амерыканская, андатра, янотападобны сабака, янот-паласкун. Шырокае развіццё атрымалі развядзенне П.з. у няволі (пясца, норкі амерыканскай, ліса серабрыста-чорнага); клетачная зверагадоўля (да 98% нарыхтовак пушніны). Большасць П.з. належаць да паляўнічых жывёл і з’яўляюцца ч. паляўнічага дзяржаўнага фонду. Барсук, буры мядзведзь, еўрап. рысь, палятуха звычайная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.

Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),

1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.

У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).

2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ШЧАРДА, Няшчэрда,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 27,4 км², даўж. 11,9 км, найб. шыр. 4,6 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 50 км. Аб’ём вады 84,7 млн. м³. Пл. вадазбору 170 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, спадзістыя, тэрасавыя, разараныя, зах. часткова пад лесам, на Пд і Пн марэнныя ўзгоркі выш. 10—15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Падводная ч. катлавіны карытападобнай формы, падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам. Найб. глыб. ў паўн. плёсе, у паўд. 2—5 м. 3 астравы агульнай пл. 0,23 км². Прыбярэжная ч. дна шыр. да 200 м (на асобных участках пашыраны да глыб. 4—5 м), выслана пясчанымі адкладамі, цэнтр. — сапрапелем. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Мінералізацыя вады да 150 мг/л, празрыстасць 0,7 м. Эўтрофнае. Зарастае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10—250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р. Атлайская. У пратоцы паміж Н. і воз. Доўгае водзяцца бабры. Багатае рыбай і вадаплаўнай птушкай. Гідралагічныя назіранні з 1935.

Від на возера Нешчарда з боку в. Гарбачэва Расонскага раёна Віцебскай вобл.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)