Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́К, бабоўнік, трыфоль,
трыліснік (Menyanthes),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Уключае 1 від — бабок трохлісты ((Menyanthes trifoliata). Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца на нізінных і сфагнавых балотах, па забалочаных берагах рэк, азёраў, канаў, утварае зараснікі.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—35 см з тоўстым, доўгім, паўзучым карэнішчам. Лісце трайчастае, суцэльнакрайняе, чаргаванае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках. Кветаноснае сцябло бязлістае, бакавое. Кветкі двухполыя, бледна-ружовыя або белыя, духмяныя, з нектарнікамі, у густых прамастойных гронках. Плод — акруглая каробачка. Лек. (жаўцягонны сродак і ўзбуджальнік апетыту), фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна, мае гліказіды меніянцін, меліянцін, алкалоід генцыянін, вітамін C, дубільныя рэчывы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,
прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.