АІ́ДЫІ

(лац. oidium, адз. л., памяншальнае ад грэч. ōon яйцо),

артраспоры, споры вегетатыўнага размнажэння, якія ўтвараюцца пры распаданні гіфаў грыбніцы на асобныя дробныя клеткі ў некат. недасканалых і базідыяльных грыбоў. Пры ўтварэнні аідый пад клетачнай абалонкай гіфаў закладваецца новая абалонка. Памеры аідый ад 2,5 да 8 мкм.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРАСПО́РЫ,

дыяспоры вегетатыўнага размнажэння грыбоў, тое, што аідыі.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ФЫ

(ад грэч. hyphē тканка, павуціна),

мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)