Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСТА́Т (ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш.Гл. таксама Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЧАНКА (Пётр Лук’янавіч) (1.8.1921, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 21.2.1973),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен.авіяц. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1950), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Вял.Айч. вайну на фронце з сак. 1943, лётчык-знішчальнік. Удзельнік Курскай бітвы (1943), вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі 1945. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Грышчанка правёў 78 паветр. баёў, збіў 27 варожых самалётаў і аэрастат. Да 1961 у ВПССав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫ ШАР,
некіроўны (свабодны) аэрастат шарападобнай формы, які перамяшчаецца (ляціць) у напрамку паветр. плыняў. Форму шара мелі першыя аэрастаты (гл.Паветраплаванне), потым іх пачалі рабіць выцягнутай формы. П.ш. для даследавання верхніх слаёў атмасферы наз.стратастатам.
Абалонку П.ш. робяць з прагумаванай тканіны ці пластыку, напаўняюць яе гарачым паветрам або лёгкім газам (вадародам, геліем). Да абалонкі падвешваюць кабіну — гандолу для людзей, газавых гарэлак, прылад і інш. Першы П.ш. пабудавалі франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е летам 1783, восенню адбыўся першы палёт людзей на «мангальф’еры» ў Парыжы. Больш значнае пашырэнне набылі П.ш., якія напаўнялі газам. Адным з першых на такім П.ш. падняўся ў паветра для назірання сонечнага зацьмення ў 1887 рус. вучоны Дз.І.Мендзялееў. Выкарыстоўваецца ў спарт. і навук.-пазнавальных мэтах.
Паветраны шар братоў Мангальф’е, на якім 21.11.1783 ажыццёўлены палёт над Парыжам (каля 8 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),
кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.