На ПдПаўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл. каля 1200 тыс.км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз. ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп. ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пд — саванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40°паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАДО́Р (Salvador),
Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак.Пл. 21,04 тыс.км². Нас. 6,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.
Прырода. Цэнтр.ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.
Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.
Гісторыя Да 7 ст.н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс.чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.Н.Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.
Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.Кальдэрон і Ф.Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст.рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн.га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс.га, у т. л. 120 тыс.га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс.га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс.т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля 2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн.харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш.Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.
М.Б.Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Сальвадора.Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.Сальвадор. Сушка зярнят кавы.