АХІ́Л,
Ахілес, у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А.ванДэйка, П.П.Рубенса, Дж.Б.Цьепала, Н.Пусэна, А.Іванава.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТАЎ Андрэй Георгіевіч
(н. 27.5.1937, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1962). Першая кніга — зб. апавяданняў «Вялікі шар» (1963). У зб-ках апавяданняў «Аптэкарскі востраў» (1968), аповесцяў «Дачная мясцовасць» (1967), «Спосаб жыцця» (1972), «Дні чалавека» (1976), «Нядзельны дзень» (1980), цыкле аповесцяў «Роля» (1976), раманах «Малады Адоеўцаў» (1976), «Пушкінскі дом» (1987), «Апантаныя» (ч. 1—3, 1995) і інш. — філас.-этычныя і эстэт. праблемы, унутраны свет сучаснага інтэлігента. Для стылю пісьменніка характэрна спалучэнне белетрыстыкі і эсэістыкі, прасякнутай лірызмам. Аўтар дзённікаў-падарожжаў («Адна краіна», 1961; «Урокі Арменіі», 1967—68; «Азарт», 72), літ.-біягр. партрэтаў («Падарожжа да сябра дзяцінства», 1966), нататкаў пра л-ру і мастацтва («Выбар натуры», 1971—73; «Ахілес і чарапаха», 1975), філас.-публіцыстычных нарысаў («Птушкі, або Новыя звесткі пра чалавека», 1971—75, і інш.).
т. 3, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ Мікалай Мікалаевіч
(27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр І дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац. маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Літ.:
Н.Н.Ге: Письма. Статьи. Критика;
Воспоминания современников. М., 1978.
т. 5, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)