Афрыкаанс (мова) 8/320

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НЕРЫ,

буры, народнасць у Паўд. Афрыцы, пераважна нашчадкі галанд. перасяленцаў (17 ст.), а пазней франц. і ням. каланістаў, змешаныя з афр. насельніцтвам. Тэрмін «афрыканеры» ўсталяваўся на пач. 18 ст. Афрыканеры жывуць у правінцыях Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (Трансвааль, Капская і Аранжавая), у Намібіі і Зімбабве. Агульная колькасць больш за 3 млн. чал. (1987). Мова — афрыкаанс. Пераважаюць прыхільнікі галанд. рэфарматарскай царквы. Селяцца асобнымі хутарамі, займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.

т. 2, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),

грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў індаеўрапейскай сям’і моў, адна з галін гэтай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы). Па паходжанні германскія мовы ўзыходзяць да прагерманскай (агульнагерманскай) мовы, што існавала да н.э. У пач. н.э. ў ёй намецілася паступовае разгалінаванне на паўн.-, усх.- і зах.-германскія падгрупы. Паўн.- германская падгрупа ўключае ўсх.-скандынаўскія мовы (нарвежскую мову, ісландскую мову і фарэрскую — мову Фарэрскіх а-воў) і зах.-скандынаўскія (шведскую мову і дацкую мову). Найб. стараж. мова гэтай падгрупы — стараж.-ісландская (пісьмовыя помнікі 12 ст.). Усх.-германская падгрупа складаецца з мёртвых моў: бургундскай, вандальскай, гепідскай, герульскай і найб. стараж.гоцкай мовы. Зах.-германская падгрупа ўключае англійскую мову, нямецкую мову, нідэрландскую мову, люксембургскую, фрызскую, а таксама афрыкаанс і ідыш. Асноўныя асаблівасці германскіх моў — перамяшчэнне зычных; моцны націск на першым (каранёвым) складзе; рэдукцыя ненаціскных складоў і адпадзенне зычных і галосных у канцы слова; камбінаторныя змены галосных у выніку асіміляцыі аблаут як парадыгматычны фактар і інш. З пункту погляду сучаснага становішча грамат. ладу германскім мовам характэрна імкненне да аналітызму.

Т.С.Глушак.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)