БЕЛО́ТА (Bellotto) Бернарда
(30.1.1720, Венецыя — 17.10.1780),
італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЕН (Goyen) Ян ван
(13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.
А.М.Пікулік.
т. 5, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)