Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,
від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.Агуновіч, Я.Ждан, А.Зайцаў, М.Кірылаў, А.Кроль, І.Харламаў і інш.
Літ.:
Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;
Бродский Б. Художник и город. М., 1965.
Э.К.Агуновіч.
Да арт.Афармленчае мастацтва. Я.Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНАЕ МАСТА́ЦТВА,
галі на пластычных мастацтваў, якая (як архітэктура і дызайн) служыць маст. фарміраванню матэрыяльнага асяроддзя, што ствараецца чалавекам і садзейнічае ўкараненню ў ім эстэт. і ідэйна-вобразнай асновы. Адзін са сродкаў эстэт. выхавання чалавека. Падзяляецца на манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (уключае арх.дэкор, дэкаратыўны жывапіс, дэкаратыўную скульптуру), дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, афармленчае мастацтва. Творы Д.м. ствараюцца як элемент ці дэталь кампазіцыі і адыгрываюць істотную ролю ў аб’ёмна-прасторавай арганізацыі ансамбля. Ідэйна-вобразны змест твораў Д.м. найб. поўна раскрываецца пры ўспрыманні іх у тым ансамблі, для якога яны прызначаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАН (Яўген Іванавіч) (н. 15.12.1937, в. Тарэйкі Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (гал. мастак з 1987), з 1994 гал. мастак Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1982); у т-ры муз. камедыі — «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (1982), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997); у т-ры оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) — «Аіда» Вердзі (1978), «Дэман» А.Рубінштэйна (1979) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: цыклы «Жыціе беларускіх святых» (1989—94), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991), станковыя работы «Чарнобыль» (1987—93), «Апафеоз Ф.Скарыны» (1990), «Гімн жыццю» (1997), пейзажы «Песня маёй радзімы», «Вясна. Сноў» (абодва 1990-я г.). Сярод графічных работ «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986). У творчасці рэаліст. вобразнасць спалучае з сімволікай і метафарычнасцю, некаторым работам уласцівы класічны авангард з філасофскім кірункам. Іл.гл. таксама да арт.Афармленчае мастацтва.