Атэізм 1/326, 566—567; 2/202, 263, 584; 4/343, 351

- » - на Беларусі 1/566, 567; 2/453; 12/415

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭІ́ЗМ

(франц. athéisme ад грэч. atheon бязбожжа),

сістэма поглядаў, якая адмаўляе існаванне Бога, звышнатуральных сутнасцяў. Існуюць некалькі формаў атэізму. Агнастычны атэізм аспрэчвае сцвярджэнне, паводле якога Бог, нават калі ён і існуе, не можа быць пазнаны ў якой-н. ступені людзьмі. Быў пашыраны ўжо сярод філосафаў стараж. Грэцыі і Рыма: Дэмакрыт, Крытый, Эпікур і інш., сафісты (Пратагор, Горгій), раннія кінікі і скептыкі, а таксама Лукрэцый. У 20 ст. падобныя праявы ў працах пазітывістаў (Б.Расел, Л.Вітгенштэйн і інш.). Радыкальны атэізм у прынцыпе адмаўляе існаванне Бога. Характэрны для паслядоўнікаў матэрыялізму (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах, Ж.Ламетры, а таксама Л.Феербах). Найб. рэльефна яго рысы выяўлены ў поглядах К.Маркса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў, у ідэалогіі камуністаў. Пастулатыўны атэізм лічыць веру ў боскага заканадаўцу несумяшчальнай з этыкай каштоўнасцяў. Яго гал. прадстаўнік ням. Філосаф Н.Гартман — заснавальнік г.зв. крытычнай (новай) анталогіі. Ён лічыў, што мэтавы дэтэрмінізм боскага наканавання адмаўляе этычную свабоду, разам з тым і ўсялякія перадумовы этычнага выбару і маральных паводзін. У адрозненне ад тэарэтычнага атэізму існуе г. зв. стыхійны атэізм, уласцівы многім людзям, занятым у матэрыяльнай вытв-сці і ў розных галінах духоўнай дзейнасці (у навуцы, асабліва ў прыродазнаўстве, палітыцы, мастацтве). Ён зыходзіць з прызнання самадастатковасці прыроды і чалавека без звышнатуральных з’яў. Яго праявы вельмі разнастайныя: ад інтуітыўных уяўленняў да цвёрдых перакананняў, падстава для якіх — вопыт жыцця і веды ў розных сферах рэчаіснасці.

На Беларусі ідэі атэізму пачалі пашырацца ў 16—17 ст. (К.Бекеш, С.Лован, К.Лышчынскі і інш.). Крыніцай атэізму служылі вальнадумства і ерасі; моцны штуршок для яго развіцця даў рэфармацыйны і гуманіст. рух і звязаны з імі рэліг. скептыцызм (С.Будны, В.Цяпінскі, Я.Ліцыній Намыслоўскі). Атэістычныя тэндэнцыі рэльефна праяўляліся ў творчасці К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 пачалося глабальнае разбурэнне рэлігійнасці і ператварэнне атэізму ў дзярж. ідэалогію. Але пасля таго, як Беларусь набыла сваю дзярж. незалежнасць (1991), пачалася светапоглядная трансфармацыя, сфера распаўсюджання атэізму рэзка звузілася. Калі ў 1989 веруючымі дэкларавалі сябе 22% насельніцтва Беларусі, то ў 1994 — 43,4%. У 1995 дэкларавалі сваю прыналежнасць да няверуючых 35% апытаных.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Свободомыслие и атеизм в древности, средние века и в эпоху Возрождения. М., 1986;

Основы религиоведения. М., 1994;

Thrower J. A short history of western atheism. London, 1971.

Я.М.Бабосаў.

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУЖЭ́ННЕ,

аб’ектыўны сац. працэс, які характарызуецца ператварэннем у пэўных умовах чалавечай дзейнасці і яе вынікаў у самаст. сілу, што пануе над чалавекам і варожая яму. Праяўляецца ў процістаянні асн. перадумоў працы (уласнасць, кіраванне і арг-цыя) суб’екту працы, дзярж.-бюракратычнай машыны радавым членам грамадства, у пачуццях апатыі, адзіноцтва, атрафіі да высокіх сац. і гуманіст. каштоўнасцяў.

Першапачаткова сфармулявана і выкарыстана Т.Гобсам, Дж.Локам, Ж.Ж.Русо для абгрунтавання дагаворнага паходжання дзяржавы як увасаблення перанесеных на яе («адчужаных») людзьмі сваіх пэўных правоў і свабод. Для Гегеля адчужэнне як уласцівасць сусв. духу (абсалютнай ідэі) ёсць пераход яго ў працэсе дыялект. развіцця ў сваю процілегласць — прыродную і сац. рэальнасць; для Феербаха — гэта стварэнне чалавечай свядомасцю рэліг.-ілюзорнага свету багоў, анёлаў і інш. пад уплывам усеагульнай залежнасці чалавека ад варожых яму сіл прыроды. Калі ў Гегеля пераадоленне адчужэння ажыццяўляецца праз усё больш глыбокае пазнанне навакольнага свету, то ў Феербаха — праз крытыку рэлігіі на аснове прынцыпаў любові і салідарнасці. Паводле Маркса, пераадоленне адчужэння можа быць дасягнута ў ходзе пралетарскай рэвалюцыі і стварэння такога грамадства, якое выключала б эксплуатацыю чалавека чалавекам і стварала б аб’ектыўныя ўмовы для свабоднага, усебаковага развіцця асобы.

У сучаснай зах. філасофіі адчужэнні імкнуцца абгрунтаваць усе бакі крызісу грамадства — сац. і нац. прыгнёт, бюракратызацыю грамадскага жыцця, тэхнізацыю свету і разбурэнне прыроднага асяроддзя, узрастаючую бездухоўнасць мастацтва і асобы, нявер’е і атэізм, тэрарызм і злачыннасць, нават нац.-вызв. барацьбу народаў. А.Камю атаясамлівае адчужэнне з відавочнай для яго абсурднасцю чалавечага быцця ў свеце фатальнай непазбежнасці смерці індывіда. Крызіс сацыялізму і марксізму ўяўляецца як спецыфічнае адчужэнне ў грамадстве з дзярж.-калектыўнай уласнасцю, якая ўзмацняе працэс адчужэння, ператварае яго ў фатальна-антрапалагічную з’яву. Спробы пераадолення адчужэння ў гэтым сэнсе абвяшчаюцца утапічнымі або звязваюцца са зваротам чалавека да Бога і рэлігіі, да ўцёкаў ад грамадства ў інтымна-асабістае жыццё, з маральным адраджэннем асобы і грамадства на аснове любові, салідарнасці і інш.

Літ.:

Нарский И.С. Отчуждение и труд. М., 1983;

Грицанов А.А. Овчаренко В.И. Человек и отчуждение. Мн., 1991;

Geyer R.F. Alionation theories. Oxford, 1980.

І.А.Рабкоў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,

сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.

І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл. Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа І Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл. Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГ, багі,

у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).

Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл. Атэізм).

На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».

Літ.:

Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;

Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.

У.М.Конан.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТНІЦТВА,

грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.

Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.

На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленне нац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.

Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап. маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).

Літ.:

Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;

Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в обшественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;

Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)