ФРАЎНГО́ФЕРАВЫ ЛІ́НІІ,

лініі паглынання ў спектры Сонца. Абумоўлены паглынаннем святла сонечнай або зямной (тэлурычныя лініі) атмасферай. Налічваецца больш за 20 тыс. ліній у розных абласцях аптычнага спектра Сонца, многія з іх атаясамлены са спектральнымі лініямі вядомых хім. элементаў. Выявіў англ. фізік. У.​Воластан (1802), апісаў І.Фраўнгофер (1814; адсюль назва). Фіз. тлумачэнне даў Г.Р.Кірхгоф.

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАРО́ДЫ МО́РА»,

умоўная назва плямён ці народаў, якія першапачаткова жылі, верагодна, на Балканскім п-ве ці ў М. Азіі; упамінаюцца ў егіпецкіх крыніцах 13—12 ст. да н.э. сярод тых народаў, што нападалі на Егіпет з мора (часам у саюзе з лівійцамі), а пазней праз Сірыю, Фінікію, Палесціну. «Н.м.» прыпісвалася знішчэнне Хецкага царства і інш. дзяржаў. З асобных «Н.м.», што захаваліся толькі ў запісах егіпецкім пісьмом (з адных зычных), атаясамлены толькі некаторыя (лікійцы, філістымляне, магчыма, данайцы — ахейцы). Лічаць, што Траянская вайна была часткова звязана з перамяшчэннямі «Н.м.».

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)