Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІКІ (Sphingidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, большасць у тропіках. На Беларусі 18 відаў, з іх бражнік Празерпіна (Proserpinus proserpina), бражнік «мёртвая галава» (Manduca atropos) і бражнік асінавы (Laothoe amurensis) занесены ў Чырв. кнігу. Жывуць у лясах, садах, парках, на лугах, ускраінах балот.
Размах крылаў 2—20 см, пярэднія вузкія, выцягнутыя, заднія меншыя, часта з яркімі плямамі або перавязямі. Цела тоўстае, верацёнападобнае, хабаток доўгі (у некаторых трапічных відаў больш за 25 см), вусікі тоўстыя, роўныя. Смокчуць нектар кветак, завісаючы ў паветры. Вусені голыя, цыліндрычныя, з своеасаблівым ражком на задняй частцы брушка; кормяцца лісцем, агаляюць парасткі. Зімуюць у фазе кукалкі ў глебе. Большасць бражнікаў актыўныя на змярканні і ноччу. Некаторыя віды — шкоднікі раслін.