АСІ́ЛАК,

герой многіх традыц. чарадзейных бел. казак, легендаў, паданняў. Валодае незвычайнай сілай: вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Асілак выступае нар. заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Іллю Мурамца.

Бел. казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясц. легендаў і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата (напр., Іван Падвей у аднайм. казцы «Беларускага зборніка» Е.​Раманава, вып. 6). Казкі пра Асілкаў маюць некат. матывы стараж. былін.

Літ.:

Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Яго ж. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.​Р.​Бараг.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСІ́ЛАК», «Вялікі камень»,

помнік прыроды Беларусі. За 200 м на У ад в. Белая Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. Ледавіковы валун ружовага граніту з авоідамі палявога шпату (выбаргіт). Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 35 м³, вага каля 90 т. Прынесены ледавіком з паўд. часткі Балтыйскага шчыта (ваколіц г. Выбарг Ленінградскай вобл.) каля 300 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — культавы валун.

В.​Ф.​Вінакураў.

Валун «Асілак».

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вярнідуб (асілак) 1/509

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н УДО́ВІН СЫН, Іван Падвей,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, юнак-асілак. Сын царскай дачкі, якая нарадзіла яго ад падвею (ветру). Валодае незвычайнай сілаю, вял. розумам і маладзецкай адвагаю. Гераічныя рысы ў вобразе спалучаюцца настолькі цэласна, што ён становіцца падобным на быліннага героя-асілка. Казкам пра яго ўласціва вострая сац. накіраванасць: асілак змагаецца з царом (Змеем, Кашчэем) і інш. прыгнятальнікамі. Вобраз І.У.с. сустракаецца ў бел., рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.

Л.​Р.​Бараг.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА КАЖАМЯ́КА, Курыла Кажамяка, Мікіта Кажамяка,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦІГАРО́ШАК, Гарошак, Кацігарошынка, Пакацігарошак,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; юнак-асілак. Нараджаецца з гарохавага зерня, якое з’ела яго маці. Валодае яшчэ большай сілай, чым яго памочнікі — асілкі Вярнідуб і Вярнігара. У некат. казках К. — волат-гігант, у інш. — маленькага росту. Разам з інш. асілкамі змагаецца з антычалавечымі істотамі (Змеем і інш.), перамагае іх і выратоўвае людзей.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.​С.​Фядосік.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТ,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.

2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.

Атлант ратушы ў Тулоне. Скульптар П.​Пюжэ. 1656—57.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.​С.​Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛАЎ (Ілья Аляксандравіч) (18.4.1834, г. Пенза, Расія — 6.1.1903),

рускі пісьменнік. Скончыў Пензенскую гімназію. З пач. 1850-х г. служыў чыноўнікам у Маскве, пазней жыў у Саратаўскай губ. Літ. дзейнасць пачаў з п’ес і перакладаў франц. меладрам. У апавяданнях, рамане «Бутузка» (1864) асуджэнне прыгонніцтва. Апавяданні 1870—80-х г. пераважна пра паслярэформенную вёску. У аповесці «Грачоўскі кракадзіл» (1879) гісторыя прапагандысткі-рэвалюцыянеркі. Аўтар рамана «Утульны куток» (1894), аповесці «Практыка жыцця» (1895), п’ес «Залатая рыбка», «Стэпавы асілак» (абедзве 1886), «Дармаедка» (1888) і інш. Творчасці С. ўласцівы праўдзівыя побытавыя і партрэтныя замалёўкі.

Тв.:

Грачевский крокодил: Повести и рассказы. М., 1984.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),

у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)