ЗЯНЬКО́ВІЧ Дзмітрый Анатолевіч (н. 7.4.1965, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.АМ (1993). Праз адметную сістэму знакаў стварае вобразнае канструяванне карцін унутр. жыцця чалавека. Канкрэтную ідэю ўвасабляе ў старанна прадуманых, часам спрошчаных і выразных вобразах, якія пазбаўлены адназначнасці і дазваляюць асэнсаваць узнятыя праблемы ў розных планах. Сярод твораў: «Падарожжа», «Эскімо», «Калекцыя», «Раўнавага», «Кішэня», «Гульня», «Сустрэча», «Кампазіцыя» (усе 1990-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧА́К НААПЕ́Т (?—1592?),
армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб.стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕТАФІЗІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,
адна з асноўных (разам з «каралінскай школай») паэт. школ англ. барока 1-й пал. 17 ст. Яе пачатак у лірыцы Дж.Дона. Названа метафізічнай за паглыблены філас. характар, імкненне асэнсаваць складаныя праблемы быцця (жыццё і смерць, час і вечнасць, Бог і чалавек), спасцігнуць трансцэндэнтнае. Творчасці паэтаў-метафізікаў (Дж. і Э.Херберты, Р.Крэша, Г.Воген, Э.Марвел) уласцівы напружанасць думкі і пачуцця, спалучэнне аналітызму мыслення і містычнай экзальтацыі, мудрагелістая метафарычнасць, зварот да тэм і вобразаў Свяшчэннага пісання. Найб. яскрава манера «М.ш.» выявілася ў творчасці Дж.Херберта (зб. «Храм духоўных вершаў», 1633).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОМАГЕНЕ́З (ад грэч. nomos закон + ...генез),
гіпотэза, у адпаведнасці з якой эвалюцыя арганізмаў ажыццяўляецца на аснове ўнутр. заканамернасцяў. Прапанаваў Л.С.Берг (1922). Н. адмаўляе дарвінаўскае тлумачэнне аб’ектыўнасці і адноснасці арган. мэтазгоднасці і ўстанаўлівае прынцып першапачатковай мэтазгоднасці жывога, якая абумоўлена стэрэахім. ўласцівасцямі бялкоў пратаплазмы. Асн. закон эвалюцыі паводле Берга — сіла, унутрана ўласцівая жывому, якая дзейнічае незалежна ад навакольнага асяроддзя і накіравана да ўскладнення морфафізіял. арганізацыі. У Н. сістэматызаваны раней вылучаныя палажэнні супраць дарвінаўскага вучэння і па сутнасці — гэта яшчэ адна спроба па-новаму асэнсаваць прычыны і заканамернасці эвалюцыі. Канцэпцыя Н. прыцягнула ўвагу да нявырашаных праблем біялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ Ніко (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял.Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАШО́Ў Дзмітрый Міхайлавіч (н. 7.11.1927, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1950). Даследаваў жанр балады, паўн.рус. фальклор («Гісторыя развіцця жанру рускай балады», 1966, і інш.). Аповесць «Спадар Вялікі Ноўгарад» (1967), раман «Марфа-пасадніца» (1972) прысвечаны гісторыі Вольнага Ноўгарада. Аўтар шматтомнай гіст. эпапеі «Гасудары маскоўскія»: «Малодшы сын» (1975), «Вялікі стол» (1979), «Цяжар улады» (1981), «Сімяон Ганарлівы» (1983), «Вецер часу» (1987), «Адрачэнне» (ч. 1—2, 1988—89) пра фарміраванне рус. нацыі з яе асновамі (сям’я, абшчына, праваслаўе, адзінаўладдзе). Гэта спроба асэнсаваць гісторыю станаўлення Расіі паводле пасіянарнай тэорыі этнагенезу. У аснове эпапеі факталагічная дакладнасць і строгі храналагічны прынцып адлюстравання падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕКІ́ЛАЎ Аман (9.5.1912, аул Кешы Ашгабацкага р-на, Туркменістан — 13.12.1974),
туркменскі пісьменнік і літ.-знавец. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Засл. дз. н. Туркменістана (1972). Акад.АН Туркменістана (1969, чл.-кар. з 1960). Д-рфілал.н. (1959). Вучыўся ў Ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры ў Маскве (1935—39). Друкаваўся з 1926. Аўтар паэм «Наперад» (1935), «Апошняя сустрэча» (1940), «Радзіма» (1964), «Вяртанне салдат» (1965), рамана ў вершах «Каханне» (кн. 1—2, 1947—57), рамана «Развеяныя хмары» (апубл. 1978), у якіх імкнуўся асэнсавацьнайб. значныя этапы гіст. лёсу туркм. народа. Даследаваў праблемы жанру, стылю, мовы, туркм. л-ры, шляхі яе развіцця. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН Усевалад Міхайлавіч (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІ Пётр Андрэевіч (23.7.1792, Масква — 22.11.1878),
рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз.чл.Рас. акадэміі (1839), акад.Пецярб.АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл.літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т.зв. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццё рус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТРАЎ Аляксандр Валянцінавіч (26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.Ластоўскі.