АСТЭНІ́Я (грэч. astheneia),

стан, які характарызуецца павышанай стамляльнасцю, частай зменай настрою, раздражняльнасцю, слабасцю, гіперэстазіяй, плаксівасцю, вегетатыўнымі парушэннямі, дрэнным сном. Узнікае ў выніку разумовага ператамлення або псіхічнай траўмы. Блізкі да астэніі астэнічны стан, які з’яўляецца сімптомам шэрагу хваробаў. Прафілактыка: правільная арганізацыя рэжыму працы і адпачынку.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАСТЭНІ́Я (ад псіха... + астэнія),

адно з псіхічных расстройстваў, якое займае прамежкавае становішча паміж псіхапатыяй і неўрозам. Для П. характэрна агульнае зніжэнне псіхічнага тонусу, адчуванне ўнутр. напружання, непаўнацэннасці і інш. Хворыя на П. часта астэнічнага целаскладу, з дыспластычнымі рысамі, нязграбныя; з дзіцячага ўзросту праяўляюць пужлівасць, страх перад цемрай і інш. Пасля таго, як мінаюцца складаныя ўнутр. хваляванні, псіхастэнікі здольны вырашаць свае праблемы, знаходзіць формы адаптацыі да рэальнага жыцця.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАСТЭНІ́Я (ад неўра... + астэнія),

форма неўрозу, які характарызуецца павышанай узбуджальнасцю і хуткай знясіленасцю нерв. сістэмы, эмацыянальнай няўстойлівасцю, вегетатыўнымі зменамі. Звычайна ўзнікае пасля працяглых псіхатраўмуючых сітуацый у сям’і, на рабоце, таксама на фоне ператамлення і саматычных хвароб. Адрозніваюць 2 формы Н.: гіперстэнічную (раздражняльную), пераважна ў дзяцей і гіпастэнічную (дэпрэсіўную), часцей ва ўзросце 45—60 гадоў. Хворыя на Н. нецярплівыя, скардзяцца на зніжэнне памяці. у іх неадэкватныя рэакцыі на гучную размову, яркае святло, скрып дзвярэй і да т.п., могуць з’яўляцца ўспышкі гневу, грубасці. Пры Н. ўзнікае галаўны боль сціскаючага характару (сімптом неўрастэнічнай каскі Шарко), боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, сухасць у роце і інш. Лячэнне фіта-, фізія-, псіхатэрапія, іголкарэфлексатэрапія.

Літ.:

Дмитриева И.В., Дмитриева Т.Н. Лекарственные растения в лечении нервных расстройств. Н. Новгород, 1994;

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗАРУ́КАСЦЬ, міяпія,

адзін з недахопаў рэфракцыі вока, пры якім чалавек дрэнна бачыць аддаленыя рэчы. Абумоўлена тым, што паралельныя прамяні, якія ідуць ад аддаленых рэчаў, сыходзяцца ў фокусе аптычнай сістэмы вока не на сятчатцы (як у нармальным воку), а перад ёю і даюць невыразнае адлюстраванне. Блізарукасць найчасцей узнікае ў школьным узросце, можа паступова павялічвацца да 18—20-гадовага ўзросту. Развіццю блізарукасці спрыяюць зрокавая работа на блізкай адлегласці, спадчынныя фактары. Адрозніваюць 3 ступені блізарукасці: слабую (да 3 дптр), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (6 дптр і вышэй). Блізарукія разглядаюць усё на блізкай адлегласці. Ад гэтага стамляюцца вочы, развіваецца мышачная і акамадацыйная астэнія, разыходная касавокасць, спазмы акамадацыі, пры цяжкай, злаякаснай блізарукасці ўзнікаюць змены ў сеткаватай і сасудзістай абалонках вока — расцяжэнні, дыстрафія, кровазліццё, разрывы і адслаенне сятчаткі. Лячэнне: карэкцыя блізарукасці акулярамі, ліквідацыя спазмаў акамадацыйнай мышцы. Пры блізарукасці высокай ступені хворым нельга фізічна і зрокава перанапружвацца. Пры блізарукасці, якая прагрэсіруе, робяць аперацыі — радыяльную керататамію, кератамілез, уздзейнічаюць эксімерным лазерным выпрамяненнем.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)