АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Нянавісць» П.​Панчанкі).

В.​П.​Рагойша.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТРАФІ́ЧНАСЦЬ (ад полі... + страфа),

паслядоўнае або адвольнае чаргаванне ў вершаваным творы розных строф, графічна аддзеленых адна ад адной. Да полістрафічных адносяцца разнастрофныя вершы, а таксама раўнастрофныя з сіметрычным чаргаваннем двух ці больш відаў строф. Полістрафічнымі звычайна бываюць буйныя вершаваныя творы, кожная ч. якіх пішацца сваёй страфой. Напр., у 10 раздзелах паэмы Я.​Купалы «Безназоўнае» ўжываюцца чатырохрадкоўі 8 разнавіднасцей і шасцірадкоўі 2 разнавіднасцей. У паэме М.​Танка «Нарач» сустракаюцца і чатырохрадкоўі самых розных мадыфікацый, і пяцірадкоўе, і астрафічны верш. П. надае вершаванаму твору разнастайнасць формы, памагае лепш выявіць змены лірычнага перажывання паэта і яго герояў.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)