Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́СТРА (Aster),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНІ́М (ад астра... + грэч. onyma імя),
псеўданім у выглядзе якіх-небудзь друкарскіх знакаў (напр., «ххх», «...»). Напачатку ў якасці астраніма выкарыстоўвалі ўмоўныя знакі нябесных свяціл (адсюль і назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),
замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.
Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ІДА (ад астра... + грэч. eidos від), плоская алг. крывая 6-га парадку. Апісваецца пунктам M акружнасці радыуса r, якая коціцца па ўнутр. боку акружнасці радыуса . Ураўненне астроіды ў дэкартавых каардынатах:
, параметрычныя ўраўненні:
,
. Мае 4 пункты вяртання. Астроіда — агінальная сям’і адрэзкаў пастаяннай даўжыні з канцамі на дзвюх узаемна перпендыкулярных прамых. Косая астроіда — агінальная сям’і адрэзкаў пастаяннай даўжыні з канцамі на дзвюх прамых, што перасякаюцца пад адвольным вуглом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАДЫНА́МІКА (ад астра... + дынаміка),
раздзел нябеснай механікі, які вывучае рух штучных нябесных целаў. Фундаментальныя законы астрадынамікі адкрыў І.Ньютан (гл.Ньютана законы механікі, Касмічныя скорасці). Значны ўклад у развіццё астрадынамікі зрабілі К.Э.Цыялкоўскі, Ф.А.Цандэр, Ю.В.Кандрацюк, В.Гоман, А.А.Штэрнфельд і інш. Ураўненні астрадынамікі, у адрозненне ад ураўненняў нябеснай механікі, улічваюць супраціўленне зямной атмасферы, магнітнае поле Зямлі, ціск сонечнага выпрамянення і інш. Асноўныя задачы астрадынамікі: вызначэнне арбіт касм. апаратаў; адпрацоўка спосабаў вызначэння, удакладнення і карэкцыі іх арбіт па выніках траекторных вымярэнняў; распрацоўка аптымальных траекторый міжарбітальных пералётаў; спосабаў знішчэння касм. апаратаў, якія адслужылі, і інш.
Літ.:
Бахшиян Б.Ц., Назиров Р.Р., Эльясберг П.Е. Определение и коррекция движения. М., 1980;
Охоцимский Д.Е., Сихарулидзе Ю.Г. Основы механики космического полета. М., 1990.