Асобіна 1/351, 528; 3/71

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БІНА, індывід,

найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны» дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Індывід, гл. Асобіна

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́ДУУМ, індывід,

асобіна, кожны самастойна існуючы арганізм. Таксама асобны чалавек, асоба.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧКАВА́ННЕ,

адзін са спосабаў вегетатыўнага размнажэння. Адбываецца ўтварэннем на мацярынскім арганізме почкі (нарасці), з якой развіваецца новая асобіна. Уласціва некат. грыбам, імхам, беспазваночным жывёлам. У жывёл (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві і інш.) П. бывае вонкавае і ўнутранае. Пры вонкавым почкі ўтвараюцца на целе маці або на сталонах (некат. кішачнаполасцевыя, абалоннікі). Пры ўнутр. П. новая асобіна развіваецца з адасобленага ўнутр. ўчастка цела маці. Напр., у губак і імшанак такія ўтварэнні маюць ахоўныя абалонкі і здольныя перажываць зімовыя або засушлівыя ўмовы, калі мацярынскі арганізм гіне. У шэрагу жывёл П. не адбываецца канчаткова — маладыя асобіны застаюцца злучанымі з мацярынскім арганізмам і ўтвараюць калоніі. Штучнае П. можна выклікаць неспрыяльным уздзеяннем на мацярынскі арганізм (напр., апёкам, парэзам).

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),

асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАКТА́НТЫ (ад лац. attrahere прывабліваць, прыцягваць),

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, што прывабліваюць жывыя арганізмы. Асабліва рэагуюць на прысутнасць атрактантаў насякомыя, што выкарыстоўваецца ў с.-г. практыцы ў мэтах знішчэння шкоднікаў раслін і паразітаў жывёл. Атрактанты палавыя прывабліваюць як асобіны процілеглага полу, харчовыя — як ежа, некаторыя — як субстрат для адкладкі яец. Палавыя атрактанты насякомых — біялагічна актыўныя рэчывы: асобіна выдзяляе некалькі міліграмаў атрактантаў, а рэцэптары антэн другой асобіны ўспрымаюць некалькі малекул атрактантаў на адлегласці ў сотні метраў.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),

індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».

2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.

3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.

Літ.:

Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕЛЬМІ́НТЫ [ад бія... + грэч. helmins (helminthos) чэрві],

група паразітычных чарвей, цыкл развіцця якіх праходзіць са зменай гаспадароў. Лічынка развіваецца ў арганізме прамежкавага гаспадара, а дарослая асобіна — у т.зв. дэфінітыўным (канчатковым) гаспадары. Прамежкавымі гаспадарамі бываюць беспазваночныя (малюскі, ракападобныя, рыбы і інш.) і пазваночныя жывёлы (млекакормячыя, земнаводныя, рыбы і інш.); колькасць іх ад 1 да 3. Да біягельмінтаў адносяцца ўсе смактуны (трэматоды), стужачныя чэрві (цэстоды), скрэбні (акантацэфалы), многія круглыя чэрві (нематоды). Узбуджальнікі гельмінтозаў чалавека і жывёл. Гл. таксама Геагельмінты.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ІЗАЛЯ́Т,

асобіна або папуляцыя аднаго біял. віду, аддзеленая, адасобленая геагр. перашкодамі ад асн. арэала. Садзейнічае відаўтварэнню, таму што не адбываецца спароўвання паміж адасобленымі папуляцыямі і абмену спадчыннай інфармацыяй. Геаграфічны ізалят можа ўзнікнуць ад змены фіз.-геагр. умоў у межах арэала, калі «папуляцыі заснавальнікаў» здолеюць замацавацца ў адасобленых раёнах са спрыяльнымі для іх умовамі навакольнага асяроддзя. Адбываецца дыферэнцыроўка віду на расы, разнавіднасці, падвіды, з наступным утварэннем новага віду (напр., у гарах зах. ч. ЗША — 23 віды і падвіды трусоў; шмат падвідаў галапагоскіх уюркоў, звычайнай вавёркі, сігаў у Еўразіі і інш.).

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)