МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),
полацкі князь, сын кіеўскага вял. кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі над кн. Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛІЙ II (Basileios) Балгарабойца
(958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),
візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс. балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.
Літ.:
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)