Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕЦІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іранскіх моў (усх. група); мова асецінаў. Пашырана ў Асеціі, на тэр.Цэнтр. Каўказа, у некаторых раёнах Грузіі і Паўд. Каўказа. Паходзіць ад моў качэўнікаў Паўн. Прычарнамор’я (скіфаў, сарматаў, аланаў і інш.). На асецінскую мову моцны ўплыў (асабліва ў фанетыцы і лексіцы) зрабілі каўказскія мовы. Мае 2 асн. дыялекты: іронскі (аснова літ. мовы) і дыгорскі.
Фаналагічная сістэма характарызуецца 7 галоснымі (моцнымі і слабымі) і 28 зычнымі, у т. л. змычна-гартаннымі гукамі. Граматычны лад аглюцінатыўны (у скланенні) і флектыўны (у спражэнні). Граматычнага роду няма. Першы пісьмовы помнік (грэч. Літары) — Зелянчукскі надпіс (941). У 1844 А.М.Шагрэн стварыў алфавіт на аснове кірыліцы, з 1923 пісьменства на аснове лац., з 1938 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Паўднёва-Асецінская аўтаномная вобласць 8/319
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Асецінская акруговая арганізацыя РКП(б) 8/335
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паўночна-Асецінская аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 8/334—337 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у б.СССР вобласць, якая вызначалася асаблівасцямі нац. складу і быту і ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі ці краю на правах адм. аўтаноміі. У 1990 было 8 аўт. абласцей, з іх 5 у РСФСР: Адыгейская, Горна-Алтайская, Карачаева-Чэркеская, Хакаская і Яўрэйская; 1 у складзе Груз. ССР — Паўд.-Асецінская; 1 у Азерб. ССР — Нагорна-Карабахская і 1 у Тадж. ССР — Горна-Бадахшанская. Пасля распаду СССР у Рас. Федэрацыі існуе Яўрэйская аўтаномная вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах. — перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.
Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец.марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.
Літ.:
Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;
Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АСЕ́ЦІЯ, Цхінвальскі рэгіён,
гісторыка-геаграфічная вобласць на ПнЦэнтр. Грузіі, размешчаная на паўд. схілах і ў перадгор’і Вял. Каўказа ў далінах рэк Вял. і Малая Ліяхві, Ксані, Меджуда і інш. (усе прытокі Куры) і населеная пераважна асецінамі (адсюль назва).
Тэр. П.А. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У 2—1-м тыс. да н.э. адбываўся распад першабытнаабшчынных і зараджэнне раннякласавых адносін. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — 4 ст.н.э.тэр. П.А ў складзе Керыі (Картлі), потым пад уладай дзяржавы Сасанідаў, Візантыі, арабаў. З канца 10 ст. ў складзе адзінага Грузінскага царства, з 2-й пал. 15 ст. Картлійскага, з 1762 — Картлійска-Кахецінскага царстваў. З 13 ст. ў П.А. развіваліся феад. адносіны. У 13 — канцы 14 ст., ратуючыся ад нашэсцяў мангола-татар і Цімура (Тамерлана) ч. асецінаў (аланаў) з Паўн. Прыкаўказзя перасялілася ў цясніны Вял.Каўк. хрыбта, адкуль яны спачатку засялілі высакагорную ч. сучаснай П.А. а ў 17—18 ст. — яе перадгорную зону. У 1801 П.А. ў складзе Усх. Грузіі далучана да Расіі (з 1849 у Тыфліскай губ.). Прыгонніцкі прыгнёт і калан. палітыка царызму выклікалі буйныя сял. паўстанні 1810, 1830, 1840, 1850. Прыгоннае права ў П.А. скасавана ў 1864 Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.А была базай бальшавікоў у барацьбе супраць меншавіцкіх улад Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі, у 1919—20 тут адбыліся шматлікія антыменшавіцкія паўстанні. Сав. ўлада ўстаноўлена ў лют. 1921 пасля заняцця Грузіі Чырв. Арміяй.
20.4.1922 утворана Паўд.-Асецінскаяаўт. вобласць (3,9 тыс.км², 99 тыс. жыхароў у 1990, цэнтр — г. Цхінвалі) у складзе Грузінскай ССР. У 1990 улады Грузіі скасавалі аўтаномію П.А., пасля чаго тут 19.9.1990 абвешчана афіцыйна не прызнаная Рэспубліка Паўднёвая Асеція. Гэтыя падзеі справакавалі грузіна-асецінскі ўзбр. канфлікт, які прывёў да вял. чалавечых ахвяр і матэрыяльных страт, вымусіў тысячы людзей (грузін, асецінаў і інш.) стаць бежанцамі. Паводле падпісанага ў чэрв. 1992 Пагаднення аб прынцыпах урэгулявання канфлікту сітуацыю ў П.А. ўзялі пад кантроль Змешаныя рас.-груз.-асецінскія сілы па падтрыманні міру, але і дагэтуль яе юрыд. статус у складзе Грузіі не ўрэгуляваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АСЕ́ЦІЯ—АЛА́НІЯ, Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія. На Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Мяжуе на Пд з Грузіяй. Пл. 8 тыс.км². Нас. 662,7 тыс.чал. (1999), гарадскога 68,6%. Сярэдняя шчыльн. 82,8 чал. на 1 км². Жывуць асеціны (53,9%), рускія (28,7%), інгушы (5,6%), армяне (2,1%), грузіны (1,8%), кумыкі (1,7%) і інш. Сталіца — г.Уладзікаўказ. Найб. гарады: Маздок, Беслан, Алагір.
Прырода. Рэльеф пераважна гарысты. Паўд.ч. займаюць хрыбты Вял. Каўказа — Галоўны, або Водападзельны (выш. да 5033 м, г. Казбек, на мяжы з Грузіяй), Бакавы (выш. да 4780 м, г. Джымара), Скалісты і інш. У цэнтры Асецінская раўніна, на Пн — Маздокская раўніна, паміж імі Сунжэнскі і Церскі хрыбты. У гарах больш за 100 ледавікоў (пл. 291 км², найб. Караўгом).
Карысныя выкапні: руды каляровых металаў (цынк, свінец, серабро), даламіты, мінер.буд. матэрыялы; ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах -4 °C, ліп. 22—24 °C, у гарах (вышэй за 2000 м) сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 13—15 °C. Ападкаў на раўнінах да 500 мм, у гарах да 800 мм за год. Гал. рака Церак з прытокамі Урух, Ардон, Фіягдон, Гізельдон, Сунжа і інш. Раўніны ў стэпавай і лесастэпавай зонах пераважна разараныя. Глебы на іх чарназёмныя і каштанавыя, у гарах горна-лугавыя і горна-лясныя. Пад лесам 23% тэрыторыі. У гарах шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб) пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі, у міжгорных катлавінах лясы з хвоі і бярозы. На тэр. П.А.—А. — Паўн.-Асецінскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. П.А.—А. пасяліўся ў палеаліце. У 8 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. абарыгенныя плямёны кабанскай культуры асіміляваны іранамоўнымі плямёнамі: скіфамі, сарматамі, пазней аланамі, частка якіх — паўн.-каўк. аланы сталі продкамі асецін. У 4 ст. аланаў заваявалі гуны, у 6 ст. — авары. У 8—9 ст. у аланаў зараджаліся феад. адносіны, у пач. 10 ст. яны прынялі хрысціянства. У 10—12 ст. аланскі саюз плямён аформіўся ў раннефеад. дзяржаву Аланію, што займала цэнтр. частку Паўн. Каўказа. У 1222 і 1238—40 яна спустошана мангола-татарамі, у канцы 14 ст. — войскамі Цімура, насельніцтва амаль знішчана. Частка аланаў замацавалася ў вярхоўях р. Церак на паўн. схілах Гал.Каўк. хрыбта (горныя раёны сучаснай П.А.—А.), частка праз горныя перавалы перасялілася ў Грузію (гл.Паўднёвая Асеція). З 15 ст. ва ўмовах феад. раздробленасці і перажыткаў родаплем. арганізацыі аднавіўся працэс фарміравання асецінскай народнасці. У 1774 П.А.—А. паводле Кючук-Кайнарджыйскага рас.-тур. дагавора замацавана за Расіяй. Спыніліся феад. ўсобіцы, частка асецінаў зноў перасялілася з гор у перадгор’і і на прылеглую раўніну. У 1861 на тэр. П.А.—А. ўтворана Церская вобл. (адм. цэнтр г. Уладзікаўказ), у 1867 тут адменена прыгоннае права. У 2-й пал. 19 ст. ў П.А.—А. ўзнікла каляровая металургія. У 1875 чыгунка злучыла Уладзікаўказ з Растовам-на-Доне. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 узнік Уладзікаўказскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз.—сак. 1918 устаноўлена Сав. ўлада. П.А.—А. ўваходзіла ў склад Церскай (сак. 1918 — лют. 1919) і адначасова Паўн.-Каўказскай (ліп. 1918 — студз. 1919) сав. рэспублік, са студз.—сак. 1919 занята войскамі ген. А.І.Дзянікіна. У сак. 1920 Сав. ўлада адноўлена. З ліст. 1920 тэр. П.А.—А. ў складзе Уладзікаўказскай (Асецінскай) акругі Горскай АССР. 7.7.1924 П.А.—А. вылучана ў Паўн.-Асецінскую аўт.вобл., якая 5.12.1936 пераўтворана ў Паўн.-Асецінскую АССР у складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну Чырв. Армія пасля цяжкіх баёў (жн.—снеж. 1942) спыніла ў П.А.—А. наступленне ням.-фаш. войск і ў пач. 1943 вызваліла акупіраваныя яе раёны. У 1944 да Паўн.-Асецінскай АССР далучаны суседнія раёны скасаванай Чэчэна-Інгушскай АССР, з якіх былі гвалтоўна выселены інгушы. У 1957 гэтыя землі, акрамя ўсх. часткі г. Арджанікідзе (назва г. Уладзікаўказ у 1931—44 і 1954—90) з невял. прылеглым раёнам, вернуты ў склад адноўленай Чэчэна-Інгушскай АССР. У снеж. 1990 Вярх. СаветПаўн.-Асецінскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У кастр. 1992 у прылеглых да Інгушэціі мясцовасцях П.А.—А. адбыліся ўзбр. сутыкненні паміж асецінамі і інгушамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Інгушэція). У ліст. 1993 прынята назва Рэспубліка Паўн. Асеція—Аланія.
Гаспадарка. П.А.—А. — індустр.-аграрная рэспубліка. У прам-сці найб. доля агульнага аб’ёму прадукцыі прыпадае на прадпрыемствы каляровай металургіі (26,6%), электраэнергетыкі (19,7%), харч. (16,1%), машынабудавання і металаапрацоўкі (9,7%), буд. матэрыялаў (6,9%). Каляровая металургія прадстаўлена Садонскім свінцова-цынкавым камбінатам (руды свінцовыя, свінец, цынк у канцэнтраце, серабро), з-дамі «Пабядзіт» (сплавы і сумесі вальфрама-кобальтавых і тытана-вальфрамавых руд) і «Электрацынк» (цынк, свінец, каляровае ліццё) ва Уладзікаўказе. Вытв-сць электраэнергіі 348 млн.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (Арджанікідзеўская, Гізельдонская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сцьспец. абсталявання для птушкафабрык, газавых пліт, электралямпаў, запчастак для трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў, паўпрычэпаў, трансфарматарных падстанцый, рамонт вагонаў і інш.) ва Уладзікаўказе, Беслане, Маздоку. Шкляная, фарфора-фаянсавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны. вырабам мэблі, гафрыраванага кардону (Дыгора, Уладзікаўказ, Алагір), хім. і нафтахім. вытв-сцю поліэтыленавай плёнкі, лакаў, растваральнікаў, вырабаў з пластмасы (Уладзікаўказ). Лёгкая прам-сць выпускае швейныя вырабы, абутак, цюль, гардзіны, трыкатаж, дываны (Уладзікаўказ, Беслан). Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, алейная, крухмальная, спіртавая, вінаробная, кансервавая, разліў мінер. вод). Вытв-сць цэльнамалочнай прадукцыі 12 тыс.т, гарэлкі 1,5 млн. дал, віна 398 тыс. дал. Народныя промыслы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, залатая вышыўка). Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі 352,4 тыс.га (1998), у т. л. пад ворнымі землямі 200 тыс.га. Пасяўныя пл. займаюць 175,5 тыс.га, на долю збожжавых і зернебабовых культур прыпадае 46,9%, тэхн. — 5,1%, бульбы і агародніны — 6,5%, кармавых — 41,5%. Збор (тыс.т, 1998) збожжавых і зернебабовых — 123,6, цукр. буракоў — 0,8, сланечніку — 33,8, бульбы — 83,6, агародніны — 21,8, пладоў і ягад — 5,1. Раслінаводства пераважае ў раўнінных раёнах, вінаградарства ў раёне Маздока. Малочна-мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 128,2, свіней — 56,2, авечак і коз — 61,3. Настрыг воўны 135 т. Птушкагадоўля. Развіта пчалярства, вытв-сць мёду 141 т. Даўж. чыгунак 144 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2291 км. Гал. чыгункі Прахладны—Грозны—Гудэрмес і Беслан—Уладзікаўказ; аўтадарогі Нальчык—Уладзікаўказ, Ваенна-Грузінская і Ваенна-Асецінская дарогі. Аэрапорт у г. Уладзікаўказ. Газаправод Уладзікаўказ—Тбілісі. П.А.—А. — адзін з цэнтраў турызму і альпінізму. Курорты: Кармадон, Таміск, Цэй. Экспарт (1998) 85,6 млн.дол.: гарэлка, віно, крухмал, кансервы, прадукцыя машынабудавання: імпарт 56,2 млн.дол.: харч. прадукты, прылады, электратэхн. тавары, с.-г. машыны, паліва.
Культура. П.А.—А. развівалася ў рэчышчы агульнаасецінскай культуры. Вытокі яе літаратуры ў багатым фальклоры (Нарцкі эпас, казкі, казанні пра герояў-дарэдзанаў, прытчы, паданні, таурагі і інш.). У 1798 выдадзена першая кніга на асец. мове — «Кароткі катэхізіс». У 1860—70-я г. развівалася пераважна публіцыстыка. Найбуйнейшы прадстаўнік асец. л-ры 19 ст. і стваральнік літ. мовы — К.Хетагураў. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступілі паэты Б.Гурджыбекаў, С.Гадзіеў, А.Кубалаў, Нігер (І.Джанаеў), Г.Цаголаў і інш. Сярод заснавальнікаў нац. драматургіі і прозы Е.Брытаеў, Ц.Гадзіеў, Д.Кароеў, А.Кароеў, А.Такаеў і інш. У 1930—40-я г. плённа развівалася паэзія, асабліва паэма (Б.Бацыеў. Т.Епхіеў, М.Камбердзіеў, Нігер, Х.Пліеў і інш.). У канцы 1940-х — 50-я г. з’явіліся буйныя эпічныя творы (раманы Епхіева, Е.Бекоева, М.Гаглоева, Д.Джыоева, Д.Мамсурава, Е.Уруймагавай і інш.). Сярод буйнейшых літаратараў 2-й пал. 20 ст. А.Агузараў, Р.Асаеў, Г.Гагіеў, Гафез, Н.Джусойты, Г.Дзугаеў, С.Кайтаў, Г.Кайтукаў, С.Мерзоеў, Б.Муртазаў, Г.Пліеў, А.Царукаеў і інш.
На тэр. П.А.—А. захаваліся помнікі архітэктурыбронз. веку (кромлехі), мураваныя абарончыя збудаванні 8—9 ст., помнікі хрысціянскай архітэктуры 11—16 ст. (капліца ў с. Нузал, свяцілішча «Рэком»), мячэці і мінарэты 14 ст. У 14—18 ст. пашырылася буд-ва жылых, абарончых і вартавых вежаў, якія часам аб’ядноўваліся ў велічныя арх. ансамблі (с. Лісры). У 18—19 ст. паселішчы горных раёнаў мелі тэрасападобную арх.-прасторавую кампазіцыю, пераважалі 2-павярховыя шматпакаёвыя каменныя саклі з плоскім земляным дахам, на раўніне — прамавугольныя ў плане саманныя, пазней цагляныя дамы з паддашкам, крытыя дахоўкай. Пачалі ўзнікаць гарады (Маздок, Уладзікаўказ і інш.). У арх. стылях канца 19 — пач. 20 ст. пераважалі эклектыка і мадэрн. У адпаведнасці з генпланамі 1930—40-х г. пачалася рэканструкцыя гарадоў. У 2-й пал. 20 ст. пераважала комплексная забудова ў спалучэнні з азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый (арх. Т.Бугаева, А.Бтэміраў, Б.Дзахоеў і інш.). У 1936 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза архітэктараў Расіі.
Найб. даўнія помнікі мастацтва адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (посуд з чырвонай гліны). З бронз. веку захаваліся пасудзіны з адбіткамі шнура і штампаванымі ўзорамі, бронз. ўпрыгожанні. У 12—8 ст. да н.э. развівалася кабанская культура (чорнагліняныя пасудзіны з лінейным геам. узорам, бронз. сякеры з гравіраванымі выявамі і вырабы з элементамі «звярынага стылю»). У 10—13 ст.н.э. вылучалася мастацтва аланаў (кераміка, ювелірныя вырабы, арнаментаваныя тканіны і інш.). У 16—18 ст. узводзілі каменныя надмагільныя стэлы з высечанымі фігурамі людзей, жывёл, расл. і геам. арнаментам (стэлы некропаля каля с. Даргаўс — т.зв. Горад мёртвых). У 18—19 ст. развіваліся традыц. віды мастацтва: маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве і камені; у арнаментыцы пераважалі расл. ўзоры, салярныя (разеткі, зоркі) і зааморфныя (галовы ці рогі казла, барана) матывы. У канцы 19 ст. — 1-й пал. 20 ст. пад уплывам расійскага ўзнікла прафес. мастацтва (жывапісцы М.Кочатаў, К.Хетагураў, М.Туганаў, А.Хохаў, графікі С.Кусаў, Р.Хасіева, скульптары С.Тавасіеў, С.Ендзіеў і інш.). У 2-й пал. 20 ст. працавалі жывапісцы Ш.Бедоеў, У.Гасіеў, Ю.Дзантыеў, П.Зарон, Б.Калманаў, Э.Сакаеў, Б.Фідараў, графікі З.Абоеў, Ю.Бігаеў, А.Джанаеў, скульпт. Н.Балаева, Ч.Дзанагаў, М.Дзбоеў, С.Санакоеў, Б.Таціеў, Б.Санаеў і інш. У 1939 створаны Саюз мастакоў П.А.—А.
Вытокі асец. тэатра ў нар. гульнях і паказах. У 1871 заснаваны Рус.драм.т-р, які паўплываў на станаўленне нац. тэатра. У пач. 20 ст. наладжваліся аматарскія тэатр. паказы (у 1908 першы асец. спектакль ва Уладзікаўказе). У 1920-я г.вял. работу па развіцці самадзейнага т-ра праводзіў акцёр Б.Тотраў. У 1930 арганізаваны Т-р малых форм, дзе выступалі асец. акцёры. У 1935 у г. Арджанікідзе адкрыўся Паўн.-Асец. т-р (у 1959—72 працаваў як муз.-драм.). У рэпертуары п’есы асец. аўтараў, сусв. і рас. класікі, бел. драматургаў (А.Макаёнка і інш.). У 1944 створаны т-р лялек «Сабі» (рус. і асец. трупы). Сярод тэатр. дзеячаў: З.Брытаева, Дз.Маміеў, М.Саламаў, А.Туменава, У.Тхапсаеў, В.Хугаева, М.Цалікаў, М.Цыхіеў і інш.
Нар. музыка дыятанічная, рытмічна разнастайная, у ёй пашырана 2- і 3-галоссе. Асн. песенныя жанры: зарджыта (песні), каджыта (быліны), кафты зарджыта (танц. песні). З нар. танцаў — сімд, хонга кафт. Сярод муз. інструментаў — дала-фандыр, дуадастанон (шчыпковыя), кісын-фандыр (смыковы), карцганаг (ударны). Прафес. музыка развіваецца з 1920—30-х г. Дзейнічала Горская нар. кансерваторыя (1924—26), з 1938 Асец. ансамбль песні і танца. Ствараюцца апрацоўкі нар. песень і рамансы (А.Алікава, Т.Какойці, Я.Калеснікава, А.Таціева). З 1940-х г. засвойваліся новыя муз. жанры (ад вак. і інстр. мініяцюр да опер і балетаў, разгорнутых сімф. і кантатна-аратарыяльных твораў). У 1944 створаны Паўн.Асец. дзярж.сімф. аркестр. Сярод кампазітараў: І.Габараеў, А.Какойці, Н.Карніцкая, Л.Куліеў, Ж.Пліева, Х.Пліеў, З.Хабалава, Д.Хаханаў, Э.Цалагава, Р.Царыёнці, спевакоў — К.Суанаў, Т.Тагоева, А.Хасіева і інш. Працуюць: філармонія (з 1945), Харавое т-ва (з 1959), Муз.т-р (з 1972), муз. вучылішча і школы. У 1939 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.
Літ.:
История Северо-Осетинской АССР. (Т. 1—2] М.;
Орджоникидзе, 1959—66;
Тедтоев А.А. Северная Осетия в Великой Отечественной войне. Орджоникидзе, 1968;
Чибиров Л.А. Древнейшие пласты духовной культуры Осетии. Цхинвали, 1984;
Калоев Б.А. Осетины: (Ист.-этногр. исслед.). 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Материальная культура и прикладное искусство осетин. М., 1973;