АРЭ́ХАЎКА, кедраўка (Nucifraga caryocatactes),

птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.

Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.

Арэхаўка.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎКА,

вадасховішча ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у пойме ракі Нясета. За 10 км на Захад ад гарадскога пасёлка Клічаў, каля вёскі Арэхаўка. Створана ў 1983 для рыбагадоўлі, арашэння і рэкрэацыі. Плошча 1,02 км², даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,86 км, найбольшая глыбіня 5,5 м. Наліўное. Напаўняецца вадой з ракі Нясета.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Арэхаўка 1/497—498; 2/530

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Арэхаўка (в., Мінская вобл.) 1/216

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Арэхаўка (в., Старадарожскі р-н) 7/482

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Арэхаўка (в., Клічаўскі р-н) 6/30 (к.); 7/40

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ДРАЎКА,

птушка, гл. Арэхаўка.

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Іван Барысавіч) (15.1.1922, в. Арэхаўка Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1990),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1941). Тамбоўскае авіявучылішча (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі: лётчык-штурмавік зрабіў 179 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў самалёт, знішчыў 12 танкаў, 7 бронетранспарцёраў, 37 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі праціўніка. Да 1965 у Сав. Арміі.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ РАЁН,

на ПдУ Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,7 тыс. км. Нас. 44,8 тыс. чал. (1995), сярэдняя шчыльн. 26,4 чал./км², гарадскога 12%. Цэнтр — г. Орша; г. Барань, г.п. Арэхаўка і Копысь. 261 сельскі нас. пункт. 18 сельсаветаў: Браздзетчынскі, Веравайшанскі, Высокаўскі, Дубраўскі, Задроўеўскі, Зубаўскі, Клюкаўскі, Крапівенскі, Кудаеўскі, Ліпкаўскі, Малатынскі, Межаўскі, Панізоўскі, Першамайскі, Пішчалаўскі, Смалянскі, Стайкаўскі, Якаўлевіцкі.

Размешчаны ў межах Аршанскага ўзвышша і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паўночная ч. занята Лучоскай нізінай. Паверхня пераважна ўзгорыстая і платопадобная. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 237,5 м (на ПнЗ ад в. Стайкі). Карысныя выкапні: торф, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 627 мм за год. Вегетацыйны перыяд 184 дні. Рэкі: Дняпро з прытокамі Аршыца і Адроў (справа), Крапівенка і Лешча (злева). Гушчыня натуральнай рачной сеткі 0,43 км/км². Азёры: Вял. Арэхаўскае, Дзевінскае, Перавалачна, Кузьміно, Карэсіна. Пад лясамі 23% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, асінавыя і альховыя. Агульная пл. балотаў 4,2 тыс. га. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (67,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,3%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (3%), тарфяна-балотныя (3%), поймавыя (2,5%); паводле мех. складу — сугліністыя (84,9%), супясчаныя (11,4%), тарфяныя (3%), пясчаныя (0,7%).

Пад с.-г. ўгоддзямі 107 тыс. га, з іх асушаных 11,7 тыс. га. На 1.1.1995 у Аршанскім раёне 23 калгасы і 10 саўгасаў. Развіты льнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінаводства і птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (кафля, цэгла, жалезабетонныя вырабы), металаапрацоўцы (лёгкае машынабудаванне, станкабудаванне), лёгкай (тэкст., швейная), харч. прам-сці. БелДРЭС. Здабыча торфу. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі ад Оршы на Мінск, Магілёў, Крычаў, Віцебск, Лепель. Найб. значныя аўтадарогі Брэст—Масква і Магілёў—Віцебск. Магістральны газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы і нафтаправод на Наваполацк (адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба»). У раёне Смалянскі саўгас-тэхнікум, Высокаўскае СПТУ, 26 сярэднеагульнаадук., 7 базавых, 11 пач. школ, 2 муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 4 клубныя і 58 бібліятэчных устаноў, 6 бальніц, 28 фельч.-ак. пунктаў. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Архітэктурныя помнікі ў в. Смаляны: касцёл дамініканцаў (18 ст.), руіны замка (17 ст.), Спаса-Праабражэнская і Аляксееўская цэрквы (18 ст.). Помнікі прыроды — Высокаўскі і Межаўскі паркі. Выдаецца «Аршанская газета».

С.І.Сідор.

т. 1, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)