АРЭ́ЛІ,

качэлі, гушкалка, прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы. Звычайна рабілі ў месцах, дзе збіралася моладзь у час адпачынку і святаў (абавязковыя на масленіцу). На ўкапаных у зямлю слупах мацавалі папярочку, да якой на жэрдках, металічных кольцах, скураных рамянях ці вяроўках падвешвалі шырокую дошку, на яе станавіліся ці садзіліся і гушкаліся. У наш час робяць невялікія арэлі для дзяцей.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЖЫЧ

(Božič) Мірка (н. 21.9.1919, Сінь, гіст. вобл. Далмацыя, Харватыя),

харвацкі пісьменнік. Правадз. чл. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў, чл.-кар. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Вывучаў права ва ун-тах Бялграда і Заграба (1938—41). Аўтар раманаў «Курланы верхнія і ніжнія» (1952), «Нявыплаканыя» (1955), «Шоўкавыя пантофлі» (1958), аповесцяў «Каланела» (1975), «Бомба» (1976), «Цела і дух» (1981), зб. эсэ «Запісы між іншым» (1975). Пісаў п’есы («Мост», 1947; «Стрэлка», 1951; «Арэлі на сумнай вярбе», 1957; «Праведнік», 1960), кінасцэнарыі, радыёдрамы. Асн. ўвага Божыча засяроджваецца на крытычных момантах жыцця чалавека, праблемах асобы і грамадства. Вядомы і як оперны спявак.

Тв.:

Drame. Zagreb, 1950;

Novele. Zagreb, 1952;

Drame. Zagreb, 1960;

Рус. пер. — Курланы верхние и нижние. М., 1959;

Колоннелло // Современная югославская повесть, 70-е годы. М., 1978;

Легенда о девушке и дубе // Повести и рассказы югославских писателей. М., 1978.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЎКІН Генадзь Мікалаевіч

(н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)