АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл. Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл. Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл. Функцыянальная лінгвістыка).

Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.

Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.​К.​Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;

Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1995;

гл. таксама пры арт. пра кожны від К.м.

А.​М.​Рудэнка.

т. 8, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)