Арынока (р.) 1/339, 488; 2/342; 3/24, 25
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КА (Orinoco),
рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн. км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля 1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.
Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн. т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).
М.В.Лаўрыновіч.
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́НАС-АРЫНО́КА (Llanos del Orinoco),
прыродная вобл. у Калумбіі і Венесуэле, уздоўж левабярэжжа р. Арынока, паміж Андамі (на ПнЗ), Гвіянскім пласкагор’ем (на У) і р. Гуаўярэ (на Пд). Даўж. каля 1400 км, шыр. да 400 км. Пераважае раўнінны рэльеф. Клімат субэкватарыяльны гарачы, з рэзкай зменай вільготнага (летам) і сухога (зімой) сезонаў. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Расліннасць саваннаў. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла), пасевы кукурузы, рысу, бавоўніку і інш. культур. Гл. таксама Льянас.
т. 9, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́РЭ (Apure),
рака ў Венесуэле, левы прыток р. Арынока. Даўж. 1580 км, пл. бас. 147 тыс. км². Пачынаецца з Кардыльеры-дэ-Мерыда, цячэ з З на У па раўнінах Льянас-Арынока, упадае ў Арынока некалькімі рукавамі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з мая да лістапада). Бурныя паводкі. Сярэдні расход вады каля 2 тыс. м³/с. Суднаходная на 600 км, у перыяд дажджоў — на ўсім працягу. На Апурэ гарады Брусуаль, Сан-Фернанда-да-Апурэ.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІК’Я́РЭ (Casiquiare),
рака на Пд Венесуэлы. Даўж. 410 км, пл. басейна 45 тыс. км². Прымае частку сцёку (каля ⅓) р. Арынока на ўчастку верхняга цячэння, у раёне г. Сан-Карлас злучаецца з р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Сувязь дзвюх вял. рэк Паўд. Амерыкі — класічны прыклад біфуркацыі рэк. Злучэнне К. з р. Арынока адбываецца пры дапамозе «канала» — натуральнага рэчышча даўж. каля 30 км (з падзеннем да 5 м), які служыць вадаскідам з р. Арынока ў бас. Рыу-Негру.
т. 8, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТА (Meta),
рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАЎЯ́РЭ (Guaviare),
рака на У Калумбіі, левы прыток р. Арынока; у верхнім цячэнні Гуаябера. Даўж. 1300 км, пл. бас. 140 тыс. км². Пачынаецца на Усх. Кардыльеры, цячэ па пласкагор’і Пардаас, дзе ўтварае парогі і вадаспады; ніжняе цячэнне Гуаўярэ — на нізіне Арынока. Сярэдні расход вады 5200 м³/с. Характэрны дажджавыя паводкі. Суднаходная для невял. суднаў да ўпадзення левага прытока р. Ар’яры (з перарывамі каля парогаў).
т. 5, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),
назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.
т. 9, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫ (Guri),
вадасховішча ў Венесуэле, на р. Карані (правы прыток р. Арынока), у каньёне Некуйма. Пл. 4250 км², аб’ём 135 км³, даўж. 70 км. Створана (1968—86) для мэт энергетыкі.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎРА (Caura),
рака ў Венесуэле, правы прыток р. Арынока. Даўж. 745 км, пл. басейна каля 52 тыс. км². Пачынаецца на Пд цэнтр. ч. Гвіянскага пласкагор’я, перасякае яго, утварае парогі і вадаспады. Паўнаводная з мая да снежня. Сярэдні гадавы расход вады 2700 м³/с. Суднаходная на 150 км ад вусця.
т. 8, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)