Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЗО́НА (Arizona),
штат на Паўднёвым Захадзе ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адміністрацыйны цэнтр — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на Паўночным Усходзе (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на Паўднёвым Захадзе.
Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ХІ, наваха,
племя паўн.-амер. індзейцаў. Разам з племем апачы складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым лясныя паляўнічыя. У 14 — канцы 15 ст. мігрыравалі на Пн сучаснага штата Нью-Мексіка, займаліся земляробствам, з 18 ст. — жывёлагадоўляй. Супраціўляліся еўрап. каланізацыі. Пасля задушэння іх узбр. выступленняў у 1846—67 каля 9 тыс. Н. прымусова пераселена ў рэзервацыю Баск-Рэдан. У 1868 на мяжы штатаў Арызона і Нью-Мексіка створана рэзервацыя (сучасная тэрыторыя 60 тыс.км5). Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта (219,2 тыс.чал., 1998). Мова — наваха (гавораць на ёй 62%), выцясняецца англійскай. Большасць Н. хрысціяне розных кірункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД (Mead),
Гувер, вадасховішча на р. Каларада, на З ЗША (штаты Невада і Арызона). Пл. 631 км2, аб’ём 36,75 км3, даўж. 184 км. Створана ў 1935—36 для водазабеспячэння і барацьбы з паводкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЧЫ, дэне,
племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Разам з племем наваха складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым апачы — качавыя паляўнічыя. Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Новая Мексіка і Аклахома ў ЗША. Колькасць 21 тыс.чал. (без наваха, 1987). Паводле рэлігіі хрысціяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАПА́СКІ,
атабаскі (саманазва дэнэ, на-дэнэ), група роднасных па мове індзейскіх плямёнаў (апачы, навахі, чайпеваі, кучыны, кенайцы і інш.). Патомкі перадапошняй міграцыйнай хвалі з Азіі ў Паўн. Амерыку (12 ст.). Жывуць на Алясцы, на Пн Канады, на ўзбярэжжы Ціхага ак. ад штата Вашынгтон да паўд.-ўсх. Каліфорніі, у штатах Арызона, Нью-Мексіка, Аклахома. Частка асімілявана амер. культурай, але большасць жыве з паляўніцтва, гандлю футрам, рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНД-КА́НЬЁН (Grand Canyon),
нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс.га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар.Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),
Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАСА́ЗІ,
археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст.н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),
штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс.км2. Нас. 1,7 млн.чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал.эканам. цэнтр — г.Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля 2/з разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.