Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),
правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел.арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.
Бел.арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел.фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел.літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНКБССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМБССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд.Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРО́ЎСКІ (Яўген Міхайлавіч) (н. 26.8.1930, в. Савані Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1965). Скончыў БДУ (1954). З 1957 у БелТА, з 1962 у БДУ. Даследуе бел. дыялекталогію, стылістыку, культуру мовы, бел.-польск. моўнае ўзаемадзеянне. Аўтар прац «Беларускі правапіс» (1965), «Беларуская мова. Арфаграфія» (1972), адзін з аўтараў (з Е.С.Мяцельскай) «Слоўніка беларускай народнай фразеалогіі» (1972), вуч. дапаможнікаў «Беларуская дыялекталогія. Хрэстаматыя» (1979), «Беларуская мова» (2-е выд., 1993).
Тв.:
Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985;
Сучасная беларуская мова. 2 выд.Мн., 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ЎСКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 14.1.1934, в. Нянькава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1966), праф. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў. З 1961 у БДУ (у 1966—96 нам. дэкана філал. ф-та). У 1981—85 выкладаў бел. мову ў Берлінскім ун-це імя Гумбальта. Даследуе лексіку бел.літ. мовы і жывых нар. гаворак. Аўтар «Слоўніка антонімаў беларускай мовы» (1994), сааўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія» (2-е выд. 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
падгрупа фіна-угорскіх моў. Мовы мардвы. Распаўсюджана ў Мардовіі, Башкортастане, Татарстане, Чувашыі, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Пензенскай, Саратаўскай і інш. абласцях Расіі. Да М.м. належаць макшанская (мокша-мардоўская) і эрзянская (эрзя-мардоўская) мовы. Шматдыялектныя. У макшанскай мове 7 галосных і 33 зычныя; націск пераважна на 1-м складзе (абумоўлены якасцю галосных словаформы). У эрзянскай мове 5 галосных і 28 зычных; націск фразавы і рытмічны. М.м. аглюцінатыўныя мовы. У значэнні прыназоўнікаў ужываюцца паслялогі. Больш за 10 склонаў, 3 тыпы скланення, адсутнасць катэгорыі роду, 7 ладоў дзеяслова, 2 спражэнні. У лексіцы шмат русізмаў, ёсць цюркізмы, балт. і іранскія запазычанні. 2 літ. мовы, якія сфарміраваліся на аснове макшанскіх і эрзянскіх дыялектаў б. адзінай агульнамардоўскай мовы: макшанская (сфарміравалася да сярэдзіны 1930-х г.) і эрзянская (у канцы 1920-х г.). Пісьменства на розных мардоўскіх дыялектах (лац. і рус. графіка) з канца 17 ст. У аснове мардоўскага пісьма рус. графіка і арфаграфія (з сярэдзіны 18 ст.).
Літ.:
Грамматика мордовских языков: Фонетика, графика, орфография, морфология. Саранск, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУС ((Hus) Ян) (1371, мяст. Гусінец, Чэхія — 6.7.1415),
чэшскі мысліцель, пісьменнік, заснавальнік і ідэолаг ранняй чэш. Рэфармацыі, нац. герой чэш. народа. Скончыў Пражскі ун-т (1393), з 1401 дэкан у ім, з 1409 рэктар. З 1402 прапаведнік у Віфлеемскай капліцы ў Празе. Рэфарматарскія погляды Гуса сфарміраваліся пад уплывам вучэння Дж.Уікліфа і выкладзены ім у казаннях і шматлікіх працах (гал. «Трактат аб царкве», 1413). Адмаўляючы царк. аўтарытэты, Гус прызнаваў выключнай крыніцай веры Свяшчэннае пісанне, царкву лічыў містычным целам, галава якога — Хрыстос, а члены — людзі, абраныя Богам. Выкрываў злоўжыванні і маральны заняпад каталіцкага духавенства, патрабаваў секулярызацыі царк. зямель. Ідэалам для Гуса была раннехрысціянская царква. Асн. прынцыпам гуманізму і зброяй грамадскага пераўтварэння лічыў пазнавальны розумам «закон Божы», якім павінен кіравацца кожны чалавек. Выступаў супраць ням. панавання ў Чэхіі. Быў прыхільнікам мірнай тактыкі, лічыў мажлівым рэфармаваць царкву і грамадства з дапамогай каралеўскай улады. Яго асн. патрабаванні сталі лозунгамі гусіцкіх войнаў. Пераклаў на чэш. мову Біблію, удасканаліў сістэму чэш. арфаграфіі («Багемская арфаграфія», 1410). У 1412 адлучаны ад царквы. Выкліканы на царк. сабор у Канстанцу (1414), аб’яўлены ерэтыком і паводле пастановы сабору спалены.
Літ.:
Novotný V., Kybal V. Jan Hus. T. 1—5. Praha, 1919—31;