АО́РТА (грэч. aortē),

у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫ́У-ДЖЫ́ЦУ (ад яп. дзю мяккасць + дзюцу мастацтва, умельства),

японская сістэма самаабароны і нападзення без зброі. Асн. прыёмы: удары ў найб. слабыя часткі чалавечага цела (сонечнае спляценне, сонная артэрыя, печань і інш.), выкручванні і перагінанні суставаў рук і ног у спалучэнні з рознымі кідкамі і задушлівымі захватамі.

Вытокі Дж.-дж. ў нар. прыёмах самаабароны без зброі, вядомых у Японіі са старажытнасці. Сфарміравалася да 13—14 ст., у 14—19 ст. вельмі пашырылася ў Японіі як сістэма фіз. і баявой падрыхтоўкі самураяў. У канцы 19 ст. шляхам адбору і мадэрнізацыі элементаў Дж.-дж. створана барацьба дзюдо.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л (кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РКІ,

парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн. нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.

А.​С.​Леанцюк.

Нырка (падоўжны разрэз); 1 — коркавае рэчыва; 2 — сасочак; 3 — чашачка; 4 — лаханка; 5 — слуп; 6 — піраміда; 7 — нырачная артэрыя; 8 — мачаточнік.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МЯ,

малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).

Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.

Схема будовы вымя каровы ў разрэзе: 1 — скура; 2 — паверхневая фасцыя вымя; 3 — глыбокая фасцыя вымя; 4 — альвеолы; 5 — вывадныя канальцы; 6 і 7 — малочныя хады; 8 — малочная цыстэрна; 9 — сасковы канал; 10 — сфінктар саска; 11 — пучкі гладкай мускулатуры вакол малочных хадоў; 12 — нерв; 13 — артэрыя; 14 — вена; 15 — злучальная тканка.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на ЗПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.​А.​Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.​В.​Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс. км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх. ч. Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб. воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р. Прыпяць з прытокамі, у зах. ч. р. Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб. Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт. Беларускае Палессе.

М.​А.​Шышонак.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛГА (у старажытнасці Ра, у сярэднія вякі Ітыль),

рака ў еўрапейскай ч. Расіі, адна з самых вял. рэк на зямным шары, буйнейшая ў Еўропе. Даўж. 3530 км, пл. бас. 1360 тыс. км². Пачынаецца на Валдайскім узв., цячэ да г. Казань амаль у шыротным, а потым у мерыдыянальным напрамку. Упадае ў Каспійскае м., утварае вял. (пл. 19 тыс. км²) дэльту.

Выток Волгі — крыніца каля в. Волга-Вярхоўе ў Калінінскай вобл. У вярхоўях Волгі працякае цераз Верхняволжскія азёры (найб. — Сцерж, Усялуг, Пена, Волга), сцёк якіх рэгулюецца плацінай (бейшлотам); ніжэй — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Іванькаўская, Угліцкая, Рыбінская, Горкаўская, Чэбаксарская, Волжская (Самарскае вадасх.), Саратаўская, Волжская імя XXII з’езда КПСС (Валгаградскае вадасховішча). У раёне Рыбінск—Яраслаўль і ніжэй г. Кастрама цячэ ў вузкай даліне сярод высокіх берагоў, перасякае Угліцка-Данілаўскае і Галіцка-Чухломскае ўзвышшы, далей — уздоўж Унжанскай і Балахнінскай нізін. У сярэднім цячэнні, ніжэй упадзення Акі, цячэ ўздоўж паўн. краю Прыволжскага узв., даліна асіметрычная. Правы бераг ракі высокі, левы — нізінны. У ніжнім цячэнні, пасля ўпадзення Камы, да Валгаграда асіметрычнасць даліны захоўваецца. Каля г. Тальяці Волга з У агінае Жыгулёўскія горы і ўтварае Самарскую Луку. У выніку стварэння вадасховішчаў рэжым Волгі ў значнай ступені зарэгуляваны. Ніжэй Валгаграда рака цячэ ў сваіх натуральных берагах. Волга прымае каля 200 прытокаў, найбольшыя: Ака, Сура, Свіяга (справа); Малога, Вятлуга, Кама, Самара, Вял. Іргіз (злева). Жыўленне снегавымі (80% гадавога сцёку), грунтавымі (30%) і дажджавымі (10%) водамі. Для рэжыму Волгі характэрны веснавое разводдзе (Крас.чэрв.), летняя і зімовая межані, дажджавыя паводкі ўвосень і часткова летам. Ледастаў з канца ліст. ў верхнім і сярэднім цячэнні да пач. Крас., у ніжнім з пач. снеж. да сярэдзіны сакавіка. Сярэднегадавы расход вады каля г. Валгаград 7240 м³/с, у вусці — 7710 м³/с. Па берагах Волгі Астраханскі запаведнік, Волжска-Камскі і Жыгулёўскі запаведнікі, прыродныя нац. паркі Марый Чодра і Самарская Лука. Волга злучана з Балтыйскім м. Волга-Балтыйскім водным шляхам, з Белым м.Паўночна-Дзвінскай воднай сістэмай і Беламорска-Балтыйскім каналам, з Азоўскім і Чорным марамі — Волга-Данскім суднаходным каналам, з р. Масква — Масквы імя каналам. Буйнейшая трансп. артэрыя еўрап. ч. Расіі, выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння. У Волзе каля 70 відаў рыб, з іх 40 прамысловых (вобла, селядзец, лешч, судак, сазан, сяўруга, сом, бялуга, асетр і інш.). Рэгулярнае суднаходства ад г. Ржэў (3256 км). Важнейшыя прамысл. цэнтры і парты: Цвер, Рыбінск, Яраслаўль, Кастрама, Ніжні Ноўгарад, Чэбаксары, Казань, Ульянаўск, Тальяці, Самара, Саратаў, Валгаград, Астрахань. Турызм. З абвастрэннем экалагічных праблем Волгі ў 1989 пачаў дзейнасць Камітэт выратавання Волгі.

Літ.:

Кублицкий Г.И. На Волге широкой. М., 1986;

Рыжавский Г.Я. Бассейн верхней Волги. М., 1981.

В.​П.​Кісель.

На Волзе.

т. 4, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),

рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс. км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс. км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс. м³/с, макс. — да 15 тыс. м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн. м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял. эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн. га у Егіпце і каля 1,1 млн. га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс. км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл. Егіпет Старажытны).

Рака Ніл каля Вышыннай Асуанскай плаціны.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),

горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м. Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс. ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал. трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат. прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць маст. вырабаў са шкла (гл. Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст. н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял. геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.

Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл. св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.​Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.​Калеоні (скульптар А.​Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.​Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.​Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).

Літ.:

Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;

Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.

Да арт. Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.​Лангена. 1631—81.
Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.

т. 4, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м. Пл. 676,6 тыс. км². Нас. 48,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г. Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр. ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс. м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-ра студз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн. чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн. чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс. ж. (1998). Каля 400—500 тыс. ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл. Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.

4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыяНац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».

М. — чл. ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.

Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн. га). Арашаецца каля 2 млн. га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал. с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс. т, 1995): рысу — 20 100 (гал. с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн. т, агародніны — 2,2 млн. т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс. т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс. т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс. т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн. т, прыродны газ — 1,9 млрд. м³, каменны вугаль — 48 тыс. т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн. т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс. т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сць с.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс. км. Гал. трансп. артэрыяр. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс. км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал. ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн. чал., у т. л. 429 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс. чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс. чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс. чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.

Літ.:

Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы).

Герб і сцяг М’янмы.
Да арт. М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.
Да арт. М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)