Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАК (франц. frac),
парадны мужчынскі вячэрні касцюм з сурдута (пінжака з выразанымі спераду поламі, доўгімі вузкімі фалдамі ззаду і адкладным каўняром), такога ж колеру штаноў з лампасамі і поясам, аднатонным з бабачкай; таксама артыстычны касцюм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РМАН (German) Ганна (14.2.1936, г. Ургенч, Узбекістан — 26.8.1982),
польская эстрадная спявачка (сапрана). Скончыла Вроцлаўскі ун-т. Выканаўца эстр. і нар. песень (у т. л. рускіх), класічных твораў. Удзельнічала ў тэлепастаноўцы оперы «Фетыда на Скірасе» Д.Скарлаці. Манера спеваў і артыстычны стыль былі адметныя пранікнёным лірызмам, стрыманасцю і высакароднасцю. Аўтар музыкі і тэксту многіх песень, якія выконвала. Лаўрэат міжнар. конкурсаў эстр. песні (у т. л. ў (Сопаце, Польшча, 1966). Напісала ўспаміны «Вярніся ў Сарэнта» (1979). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм.т-ра «Et cetera» (з 1993).
Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́Ў Рыгор Аляксеевіч (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),
бел. акцёр. Нар.арт. Узбекістана (1946). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж.рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЎСЦІК Уладзімір Антонавіч (н. 24.6.1949, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1976 выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф., з 2001 заг. кафедры). Творчай манеры Т. ўласцівы свабоднае і вобразнае спалучэнне рэаліст. трактоўкі вобразаў з арыгінальнымі формамі і сродкамі рамантызму, сімвалізму, мадэрна. Часта выкарыстоўвае калажны прынцып кампазіцыі, востры і артыстычны малюнак спалучае са свабоднымі жывапіснымі плямамі і фактурнымі эксперыментамі. Творы вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дзе сучаснасць звязваецца з гісторыяй, інтымны свет з прыродным наваколлем, бел. рэаліі з заходнееўрапейскімі. У 1970—80-я г. звяртаўся да героіка-патрыят. і нац. праблематыкі: «Песня. Дакрананне» (1980), «А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю... (М.Багдановіч)» (1981), «Год 1913, 9 лютага. Пецярбургская прэм’ера» (1982), «І проста лягу пад белы снег... Памяці У.Караткевіча» (1986) і інш. З 1990-х г. стварае шматзначныя сінт. кампазіцыі алегарычнага характару, дзе часта вял. ролю адыгрываюць вобразы рамант. пачуццёвых жанчын: «Малітва» (1990), «Успамін аб Эладзе» (1992), «Жарт» (1993), «Серабро і золата» (1994), «На сцэне. Прэм’ера», «Восеньская казка», «Жанчыны, кветкі і птушкі», «Галасы мінулага», «Мелодыя для флейты» (усе 1995), «На Каляды ў Венецыі» (1996), «Вечны вершнік», «Цырк. Жанчына-воблака», «Цыганскі кароль» (усе 1997). Аўтар серыі «Святло і цені» (1993; Дзярж. прэмія Беларусі 1994). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982.