АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),

зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Артрыт рэўматоідны 5/241

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТААЛЕРГІ́Я (ад аўта... + алергія),

павышаная адчувальнасць арганізма да ўласных бялкоў і клетак тканак, якія набылі ўласцівасці алергенаў (эндаалергенаў). Пры пэўных умовах аўтаалергічны працэс можа перарасці ў аўтаімунную хваробу. Да хвароб аўтаалергічнай этыялогіі належаць некаторыя віды гемалітычных анемій, міястэнія, рэўматоідны артрыт і інш.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖА ў жывёл,

інфекцыйная прыроднаачаговая хвароба, якая выклікаецца бактэрыяй з роду эрызіпелотрыкс. Пашырана ўсюды, хварэюць на Р. найчасцей свінні, ягняты, коні, буйн. раг. жывёла, птушкі, таксама чалавек.

Прыкметы: павышэнне т-ры, адмова ад корму, прыгнечанасць, кан’юнктывіт, запаленне страўніка і кішэчніка, на скуры з’яўляюцца бардова-чырв. плямы. Пры хранічным цячэнні таксама ачагі некрозу, эндакардыт, артрыт, анемія.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́НАВЫЯ ХВАРО́БЫ, калагенозы,

хваробы, пры якіх бывае аднароднае сістэмнае пашкоджанне злучальнай тканкі (асабліва прамежкавага яе рэчыва і валокнаў, што маюць калаген) і сасудаў. Тэрмін прапанаваны амер. патолагаанатамам П.​Клемперэрам (1942). К.х. ўключаюць сістэмную ваўчанку чырвоную, дэрматаміязіт, сістэмную склерадэрмію, рэўматоідны артрыт і інш. Агульная асаблівасць патагенезу К.х.: аўтаімунныя парушэнні, у выніку якіх у розных органах і тканках арганізма падтрымліваецца хранічны імунны запаленчы працэс. Мяркуюць, што хваробы выклікаюцца вірусамі, генет. схільнасцю. Прыкметы К.х.: ліхаманка, артрыты, страта масы цела і інш. трафічныя парушэнні, пашкоджанне ўнутр. органаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​Ф.​Сарока.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ГРА [грэч. podagra ад pus (podos) нага + agra пастка],

захворванне арганізма, якое абумоўлена парушэннем пурынавага абмену. Праявы: прыступападобны артрыт, пашкоджанне нырак і інш. органаў у выніку адкладання ў тканках солей мачавой к-ты, павышаны ўзровень мачавой к-ты ў крыві. Прыкметы: прыступы моцнага болю ў адным ці некалькіх суставах, прыпухласць сустава, пачырваненне скуры над ім, павышаная т-ра цела, немагчымасць рухаў і інш. Прыступы П. паўтараюцца, пашкоджваюцца новыя суставы. Вострыя прыступы бываюць ад фіз. нагрузкі, траўмы, ужывання алкаголю і інш. Паступова П. набывае хранічнае цячэнне: акрамя артрыту з’яўляюцца намнажэнні солей мачавой к-ты (тофусы) у вобл. вушных ракавін, суставаў і інш. Часта П. спадарожнічае атлушчэнне, парушэнне вугляводнага абмену і інш. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., фізкультура.

М.​Ф.​Сарока.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),

запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан, ва ўсх. ч. Цянь-Шаня. Засн. ў 1948 (у сучасных межах з 1976) для аховы месцаў гнездавання і зімовак вадаплаўных і водна-балотных птушак. Пл. больш за 17 тыс. га, з іх 15 тыс. га прыпадае на акваторыю воз. Ісык-Куль (у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння). Запаведнік складаецца з 9 адасобленых участкаў вакол возера. На ўвільготненых месцах звычайныя густыя зараснікі абляпіхі, талу, тамарыску, барбарысу і карагачу, падводныя лугі харавых водарасцей. У фауне стэпавы тхор, ласка, барсук і інш., акліматызавана андатра, у гарах — марал, горны казёл, трапляецца снежны барс, з птушак — фазан, арлан-белахвост, белая чапля, чырвананосы нырэц, лысуха, лебедзь-шыпун. Запаведнік уключаны ў праграму «Чалавек і біясфера».

...ІТ (ЫТ) (грэч. itis), суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў — назваў запаленчых захворванняў або працэсаў, напр., артрыт, гідрадэніт.

т. 7, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),

вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.

Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.

Літ.:

Матвейков Г.П., Пшоник С.С., Милькаманович В.К. Ревматизм. Мн., 1979;

Насонова В.А. Ревматизм — современное состояние вопроса // Клинич. медицина. 1991. Т. 69, № 5;

Белов В.С. Острая ревматическая лихорадка // Рус. мед. журн. 1998. № 18.

М.​Ф.​Сарока.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)