Артроз 1/457

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРО́З (ад грэч. arthron сустаў + ...оз),

хранічная дыстрафічна-дэгенератыўная хвароба суставаў чалавека. Абумоўлена парушэннем жыўлення эпіфізарных канцоў касцей. Прычыны ўзнікнення артрозу — хваробы абмену рэчываў, інтаксікацыі, інфекцыі, траўмы, трафанеўрозы. Прыкметы: боль, хруст, абмежаваная гнуткасць, дэфармацыя, змены ў сучлененых паверхнях суставаў. Лячэнне медыкаментознае, фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),

навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.​Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст. эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.

Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.

На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел. пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)