Арніцінавы цыкл 1/426, 454; 2/351

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІЦІ́НАВЫ ЦЫКЛ, цыкл мачавіны,

цыкл Крэбса-Хензелейта, цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНІЦІ́Н, α—γ-дыамінаваляр’янавая кіслата,

C5H12O2N2, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. Белыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе і спірце, дрэнна — у эфіры. Атрымліваецца пры гніенні бялкоў і гідролізе аргініну. У свабодным стане ёсць у тканках млекакормячых і ў раслінах, уваходзіць у некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін С і інш.). Арцінін — каталізатар пры сінтэзе мачавіны ў арганізме праз арніцінавы цыкл, прымае ўдзел ва ўтварэнні поліамінаў, здольны ператварацца ў пралін.

т. 1, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІНІ́Н, L-аміна-δ-гуанідзінаваляр’янавая кіслата,

C6H14O2N4, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. У арганізме прысутнічае ў свабодным стане і ў складзе бялкоў, асабліва пратамінаў (да 85%) і гістонаў. У значнай колькасці ёсць у раслінах (асабліва ў рэзервовых і зародкавых органах). Мае ўласцівасці шчолачаў, утварае бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе. Садзейнічае назапашванню і пераносу азоту. Для дарослых млекакормячых не з’яўляецца незаменнай, а ў маладых яе біясінтэз недастатковы. Удзельнічае ва ўтварэнні мачавіны і арніціну (арніцінавы цыкл), крэаціну, аргінінфасфату і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)