АРМЯ́НА-ГРЫГАРЫЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

гл. Армянская апостальская царква.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,

цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКУ́Л (Луцый Ліцыній) (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,

адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,

цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаўармяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б. Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр. камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.

У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.

Літ.:

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

М.А.Дабрынін, А.А.Цітавец.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́РНЫ КАРАБА́Х,

гістарычная вобласць у Закаўказзі, у складзе Азербайджана. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 194 тыс. чал. (1991), гарадскога 52,7%. Сярэдняя шчыльн. 43,9 чал. на 1 км². Жывуць армяне (76,9%), азербайджанцы (21,5%), рускія (1%) і інш. У выніку армяна-азерб. ўзбр. канфлікту (1988—94) значна вырасла міграцыйная актыўнасць насельніцтва; тысячы азербайджанцаў пакінулі тэр. Н.К., адначасова павялічыўся прыток армян з Азербайджана ў Н.К. Цэнтр — г. Ханкэнды (б. Сцепанакерт). Гарады: Шуша, Акдэры (Мардакерт).

Прырода. Рэльеф гарысты. Асн. частка тэр. Н.К. размешчана ў межах М. Каўказа. На Пнхр. Мураўдаг (выш. да 3724 м, г. Гямыш), у цэнтры, на З і Пд — Карабахскі хр. (выш. да 2725 м), на ПнУ і У — раўніны. Горы складзены часткова з кайназойскіх вулканагенна-асадкавых парод (туфы, туфабрэкчыі, лавы рознага складу, пясчанікі, вапнякі). Тэр. Н.К. адносіцца да ліку тэктанічна актыўных. Карысныя выкапні: поліметал. руды з прамысл. запасамі свінцу, цынку, медзі, барыты, буд. матэрыялы (мармур, мергелі, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Крыніцы мінер. вод. Клімат на б. ч. тэрыторыі ўмерана цёплы з сухой зімой. На раўніне і ў сярэднягор’і сярэдняя т-ра студз. ад 3 °C да -2 °C, у высакагор’і ад -6 °C да -10 °C, ліп. адпаведна 20—25 °C і 10—15 °C. За год на раўніне і ў сярэднягор’і выпадае 400—600 мм ападкаў, у высакагор’і — больш за 800 мм. Гал. рэкі: Тэртэр, Хачынчай, Каркарчай (бас. Куры), Кендэланчай, Ішханчай (бас. Аракса) багатыя энергарэсурсамі. На р. Тэртэр — Сарсангскае вадасх. з ГЭС. Глебы на раўніне і нізкагор’і пераважна каштанавыя, у сярэднягор’і — горна-лясныя, вышэй — горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і палынова-злакавая паўпустынная, у перадгор’ях і нізкагор’і зараснікі паўксерафітных хмызнякоў у спалучэнні са стэпавай расліннасцю, вышэй — шыракалістыя. лясы (дуб, граб, бук), субальпійскія і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі каля 32% тэрыторыі.

Гісторыя. Сляды дзейнасці чалавека на тэр. Н.К. выяўлены з ніжняга палеаліту. У старажытнасці і сярэднявеччы — ч. гіст. Арменіі (арм. Арцах). У 1 ст. да н. э. — 8 ст. н. э. ў складзе Албаніі Каўказскай. У 11 ст. адбылося нашэсце сельджукаў, у 13 ст. — манголаў, у 16 ст. заваяваны Іранам. З сярэдзіны 18 ст. цэнтр. вобласць Карабахскага ханства са сталіцай у г. Шуша. Да пач. 19 ст. ў Н.К. захаваліся 5 арм. мелікстваў (княстваў) — апошніх рэшткаў арм. дзяржаўнасці. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 у складзе Рас. імперыі. У 1918—20 — аб’ект вострай барацьбы паміж Азербайджанам і Арменіяй, у выніку якой загінула больш за 20% насельніцтва Н.К. Пасля ўсталявання ў Н.К. сав. улады ў ліп. 1921 перададзены ў склад Азерб. ССР. У ліп. 1923 ператвораны ў Нагорна-Карабахскую аўт. вобласць (НКАВ). У лют. 1988 аблсавет НКАВ звярнуўся да Вярх. Саветаў СССР, Арм. ССР і Азерб. ССР з просьбай аб далучэнні да Арменіі, што стала пачаткам арм.-азерб. канфлікту. 26.11.1991 Вярх. Савет Азербайджана скасаваў аўтаномію Н.К. У студз. 1992 абвешчана Нагорна-Карабахская Рэспубліка (НКР). У ходзе ваен. дзеянняў у 1992—93 сілы самаабароны НКР пры падтрымцы Арменіі ўсталявалі кантроль над усёй тэр. Н.К. і шэрагам прылеглых раёнаў Азербайджана. У маі 1994 у г. Бішкек (Кіргізія) падпісана пагадненне аб спыненні агню ў Н.К. У цяперашні час Арменія і Азербайджан вядуць перагаворы пад эгідай Мінскай групы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра будучыню Н.К.

Гаспадарка. Н.К. — пераважна агр. краіна. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 200 тыс. га, у т. л. пасяўныя пл. 51,7 тыс. га. Вядучыя галіны земляробства — вінаградарства, вытв-сць збожжа, садоўніцтва. Вырошчваюць збожжавыя (азімая пшаніца, ячмень), тэхн. (тытунь, бавоўнік), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Вінаградарства развіта ў перадгор’ях, сярэднягор’і і на раўніне, пераважаюць тэхн. гатункі. Асн. пл. пладова-ягадных культур у Ханкэндыйскім і Ханджавендскім р-нах. Тутавае пладаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (на раўніне, у перадгор’ях і сярэднягор’і) і мяса-шэрснага (у высакагор’і) кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, птушак. Развіта шаўкаводства. Прам-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Асн. галіны: харч. (вінаробная, масласыраробная, мясная), лёгкая (шаўковая, абутковая, дывановая, швейная), маш.-буд. (эл.-тэхн.), электраэнергетыка, лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Асн. аўтадарогі Еўлах—Агдам—Ханкэнды—Шуша—Лачын, Еўлах—Акдэры—Кельбаджар, чыгунка Еўлах—Агдам—Ханкэнды. У г. Ханкэнды аэрапорт. Курорт Шуша і бальнеакліматычная лячэбная мясцовасць Туршсу.

М.Л.Страха (прырода, гаспадарка).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)