Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛА́Н-БЕЛАХВО́СТ (Haliaeetus albicilla),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі надзвычай рэдкі гнездавальны від, вядома каля 20 пар, якія гняздуюцца, з іх палова ў Віцебскай вобл. Трапляецца спарадычна. Жыве каля вял. азёраў, у далінах рэк, на вял. балотах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела 0,8—1 м, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2,5 м. Апярэнне цёмна-бурае. Хвост у дарослых белы (адсюль назва), кароткі, клінападобны. Дзюба і лапы жоўтыя. Прылягае ў сак.—красавіку. Гнёзды масіўныя, на верхавінах высокіх (15—25 м) дрэў. Утварае пастаянныя пары. Нясе звычайна 2 (радзей 1, 3) белыя яйцы. Птушаняты вылятаюць у канцы чэрв. — пач. жніўня. Здабыча на Беларусі забаронена з 1978. Ахоўваецца ў шэрагу краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́РЫЦ (Müritz),
возера ў Германіі, самае вял. ў Мекленбургскім паазер’і. Пл. 117 км². Глыб. 33 м. Катлавіна ледавіковага паходжання. Размешчана паміж градамі марэн, злучана пратокамі з суседнімі азёрамі (Плаўэр-Зе і інш.). Сцёк у р. Гафель. Суднаходства, рыбалоўства. Арніталагічны запаведнік (засн. ў 1931) — месца гнездавання жураўлёў, трапляюцца лебедзь-шыпун, арлан-белахвост, скапа і інш. На паўн. беразе — г. Варэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́НВялікі і Малы,
хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г.Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр.ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНО́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, на У п-ва Камчатка. Засн. ў 1934 у мэтах аховы камчацкага собаля. З 1985 біясферны запаведнік. Пл. больш за 1 млн.га. Рэльеф перасечаны. Патухлыя і дзеючыя (Краноцкая Сопка 3528 м) вулканы, леднікі (Цюшэўскі 8 км), тэрмальныя азёры, гейзеры, вадаспады, горныя тундры, альпійскія лугі. Лясы з каменнай бярозы, у падлеску кедравы і альховы сланік, рабіна, бружмель. У фауне камчацкі собаль, гарнастай, выдра, рысь, ліс, снежны баран, паўн. алень, мядзведзь, расамаха і інш. На ўзбярэжжы нерпа, цюлень, лежбішчы сівучаў. У арнітафауне глушэц, курапаткі, лебедзі, качкі, кулікі, белаплечы арлан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на ПдЗ Бураціі, у цэнтр.ч. хрыбта Хамар-Дабан (выш. да 2300 м) і на берагавых тэрасах воз. Байкал. Засн. ў 1969. Пл. 165,7 тыс.га (пад лесам больш за 117 тыс.га, вадаёмаў 1552 га, астатняя пл. пад бязлесымі высакагор’ямі — гальцамі). Расліннасць горна-таежнага прыроднага комплексу: елка, кедр, піхта, хвоя, лістоўніца; у далінах рэк бярозавыя і асінавыя лясы; у падгальцавым поясе зараснікі рададэндранаў і субальпійскія лугі. Жывёльны свет — 37 відаў млекакормячых (звычайныя собаль, буры мядзведзь, каланок, гарнастай, ізюбр, паўн. алень) і 260 відаў птушак (шматлікія глушцы, курапаткі, ястрабы, рабчык, кедраўка, сойка; з рэдкіх відаў — скапа, арлан-белахвост).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар.т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віда прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗААПА́РК.
Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.І.Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс.га (у т. л. 15 тыс.га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).
Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан, ва ўсх.ч. Цянь-Шаня. Засн. ў 1948 (у сучасных межах з 1976) для аховы месцаў гнездавання і зімовак вадаплаўных і водна-балотных птушак. Пл. больш за 17 тыс.га, з іх 15 тыс.га прыпадае на акваторыю воз. Ісык-Куль (у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння). Запаведнік складаецца з 9 адасобленых участкаў вакол возера. На ўвільготненых месцах звычайныя густыя зараснікі абляпіхі, талу, тамарыску, барбарысу і карагачу, падводныя лугі харавых водарасцей. У фауне стэпавы тхор, ласка, барсук і інш., акліматызавана андатра, у гарах — марал, горны казёл, трапляецца снежны барс, з птушак — фазан, арлан-белахвост, белая чапля, чырвананосы нырэц, лысуха, лебедзь-шыпун. Запаведнік уключаны ў праграму «Чалавек і біясфера».
...ІТ (ЫТ) (грэч. itis), суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў — назваў запаленчых захворванняў або працэсаў, напр., артрыт, гідрадэніт.