Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРКО́ЗЫ (франц. arcose),
аркозавыя пясчанікі, абломкавыя грубазярністыя горныя пароды пераважна з палявых шпатаў, кварцу, слюды і цэментавальнага (гліністага, карбанатнага) рэчыва. Колер ружовы ці чырвоны. Утвараюцца на перыферыі шчытоў і выступаў крышт. фундамента ў выніку разбурэння гранітаў, гнейсаў і блізкіх да іх па складзе горных парод. Сыравіна для атрымання друзу.
т. 1, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМІ́ТЫ (ад грэч. psammos пясок),
пясчаныя пароды, якія складзены на 50% і больш з зерняў мінералаў і абломкаў парод памерамі ад 0,05(0,1) да 1 мм. Рыхлыя разнавіднасці П. — пяскі, сцэментаваныя — пясчанікі. Адрозніваюць П.: монамінеральныя (напр., кварцавыя), алігаміктавыя (кварц-палевашпатавыя) і полімінеральныя (аркозы і граўвакі). П. ўтвараюцца пераважна ў выніку фіз. выветрывання горных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НІК, пескавік,
асадкавая горная парода з зерняў пяску, сцэментаваных гліністым, карбанатным, крамяністым, жалезістым і інш. матэрыялам. Паводле памераў зерняў і мінер. саставу вылучаюць тыя ж разнавіднасці, што і сярод пяскоў. Вылучаюць таксама аркозы, граўвакі (П. з мінералаў і абломкаў асн. вывергнутых парод, пераважна эфузіўных) і туфагенныя П. (утрымліваюць піракластычны матэрыял да 50%). Паводле ступені звязанасці вылучаюць П. слаба-, сярэдне- і моцнасцэментаваныя. Шчыльнасць 2,25—2,67 г/см³, порыстасць 0,69—6,7%, мяжа трываласці на сцісканне 30—266 МПа. Пры метамарфізме П. пераўтвараецца ў кварцыт. Шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве (вытв-сць друзу, жвіру; як бутавы камень, сценавы і абліцовачны матэрыял), як абразіў. Кварцавы П. ідзе на выраб вогнетрывалай дынасавай цэглы, шкла, кіслотатрывалых матэрыялаў. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды, Псаміты.
т. 13, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)