Арканзас (штат, ЗША) 1/432

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́НЗАС (Arcansas),

штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс. км², нас. 2424 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-раг. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́НЗАС (Arkansas),

рака ў ЗША, правы прыток Місісіпі. Даўж. 2410 км, пл. бас. 416 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па вузкіх глыбокіх цяснінах (Ройял-Гордж, Гранд-Каньён і інш.), затым з З на У па Вялікіх і на ПдУ па Цэнтр. раўнінах. Мае няўстойлівае рэчышча ў перыяды паводак. Паўнаводная вясною ад раставання снягоў і летам ад дажджоў; характэрны летнія ліўневыя паводкі. Ваганні ўзроўню дасягаюць 8—10 м (каля г. Літл-Рок). Сярэднегадавы расход вады каля 1,8 тыс. м³/с. Суднаходная на 1 тыс. км ад вусця. У сістэме Арканзаса буйныя вадасховішчы. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Арканзасе гарады Уічыта, Талса, Літл-Рок.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НТАН ((Clinton) Уільям) (Біл) Джэферсан (н. 19.8.1946, г. Хоп, штат Арканзас, ЗША),

палітычны і дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Джорджтаўнскі (1968) і Іельскі (1973) ун-ты, вучыўся ў Оксфардскім ун-це (Вялікабрытанія, 1968—70). У 1974—76 праф. права ва ун-це штата Арканзас. У 1977—79 ген. пракурор, у 1979—81 і 1983—93 губернатар штата Арканзас. З 1993 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. 15.1.1994 знаходзіўся з афіц. візітам у Беларусі (наведаў Курапаты, выступіў перад бел. грамадскасцю ў АН Беларусі). Праводзіць курс на ўзмацненне міжнар. ўплыву ЗША, выступае за прыняцце ў НАТО новых членаў з ліку краін Усх. Еўропы, развіццё супрацоўніцтва з Расіяй, вырашэнне Блізкаўсходняга крызісу, канфлікту на Балканах і інш. Пры ім ВПС ЗША прымалі ўдзел у ваен. аперацыях у розных рэгіёнах свету, у т. л. супраць Ірака (1993, 1996, 1998), Югаславіі (1999, у складзе сіл НАТО).

Ва ўнутр. палітыцы выступае за рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння.

У.​Дж.Клінтан.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТЛ-РОК (Little Rock),

горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Арканзас. Каля 170 тыс. ж., з горадам Норт-Літл-Рок і прыгарадамі 500 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная, шынная, металургічная, бавоўнаачышчальная, паліграф., харч., авіяц., прыладабудаўнічая. Ун-т.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЕ́ЙДЫЯН (Canadian),

рака ў ЗША, правы прыток р. Арканзас. Даўж. каля 1500 км, пл. бас. 124 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Сангрэ-дэ-Крыста (Скалістыя горы), цячэ па Вял. і Цэнтр. раўнінах. Гал. прыток — Норт-Канейдыян (злева). Веснавое разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. На р. Норт-Канейдыян г. Аклахома-Сіці.

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЛАХО́МА (Oklahoma),

штат на Пд ЗША. Пл. 177,9 тыс. км², нас. 3231 тыс. чал. (1993), у т. л. 252,4 тыс. індзейцаў (1-е месца сярод штатаў). Адм. ц.г. Аклахома-Сіці. У гарадах каля ⅔ насельніцтва. Тэрыторыя пераважна раўнінная. На З Вялікія раўніны, на ПнУ плато Озарк, на ПдУ горы Уошыта. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 да 6 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў за год ад 450 мм на З да 1000 мм на У. Рэкі Арканзас і Рэд-Рывер. Прам-сць горназдабыўная (прыродны газ, нафта, гелій, цынк, каменны вугаль, медзь, серабро), маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, пераважна буд. і нафтавае, аўтамабілі, самалёты), нафтаперапр., харч. і інш. Вырошчваюць пшаніцу, сорга, сеяныя травы, бавоўну, арахіс. Мясная і малочная жывёлагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Турызм.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РТУР ((MacArthur) Дуглас) (26.1. 1880, г. Літл-Рок, штат Арканзас, ЗША — 5.4.1964),

амерыканскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1944). Скончыў ваен. вучылішча ва Уэст-Пойнце (1903), якое ўзначальваў у 1919—22. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1930—35 нач. штаба арміі ЗША, 1935—37 ваен. саветнік на Філіпінах (у 1936—37 фельдмаршал філіпінскай арміі), потым у адстаўцы. У 2-ю сусв. вайну з ліп. 1941 зноў на ваен. службе: камандуючы ўзбр. сіламі ЗША на Д. Усходзе. У 1942—51 галоўнакамандуючы саюзнымі ўзбр. сіламі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., прыняў капітуляцыю Японіі; адначасова ў 1945—51 узначальваў акупацыйныя сілы ЗША ў Японіі. У 1950—51 камандуючы ўзбр. сіламі ААН у Карэйскую вайну 1950—53, прыхільнік выкарыстання ядз. зброі. У крас. 1951 звольнены ў адстаўку.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ РАЎНІ́НЫ (Great Plains),

перадгорныя плато на У Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Выш. ад 500 м на У да 1700 м на З. Працягласць з ПнЗ на Пд і ПдУ каля 3600 км, шыр. 500—800 км. Сфарміраваны на дакембрыйскім крышт. фундаменце Паўн.-Амерыканскай платформы, перакрытай тоўшчамі вапнякоў і лёсападобных суглінкаў. Уступы падзяляюць Вялікія раўніны на адасобленыя ўчасткі — плато: Эдуардс, плато Льяна-Эстакада, Высокія раўніны, Місуры.

Вялікія раўніны месцамі моцна расчлянёныя сеткай яроў, трапляюцца ўчасткі бедленду, на Пд — карст. Радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага і бурага вугалю, лігнітаў, поліметалаў, калійных солей. Клімат кантынентальны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. -28 °C на Пн і 12 °C на Пд, ліп. адпаведна 13 °C і 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 500 мм да 250 і з Пн на Пд ад 600 мм да 300 мм. Вял. рэкі: Місуры, Плат, Арканзас, Каларада, Пекас. Глебы пераважна каштанавыя, на Пн ад 51° паўн. ш. чарназёмныя, шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя; на крайнім Пд карычневыя і шэра-карычневыя. Пашырана стэпавая расліннасць, на Пн — лесастэп; на Пд — участкі саваннаў. Пашавая жывёлагадоўля. Земляробства: пасевы бавоўніку, бульбы, цукр. буракоў, кармавых траў.

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРА́ДА (Colorado),

штат на З ЗША. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 269,6 тыс. км², нас. 3822,7 тыс. чал. (1996). Адм. ц.г. Дэнвер. Буйныя гарады: Каларада-Спрынгс, Арора, Боўлдэр, Пуэбла, Форт-Колінс. Гар. насельніцтва каля 80%.

Сярэднюю ч. штата займаюць хрыбты Скалістых гор (найб. выш. 4399 м, г. Элберт). На У — плато Вял. раўнін, на З — плато Каларада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах і плато 0—4 °C, ліп. 20—22 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рэкі: Каларада (верхняе цячэнне), Арканзас, Саўт-Плат. Расліннасць на У стэпавая, на З паўпустынная, у гарах хваёвыя лясы. Нац. паркі: Меса Вердэ (уключаны ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Рокі-Маўнтын і інш. К. — індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, урану, каляровых металаў (Клаймакс — буйнейшы ў свеце малібдэнавы руднік). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць навукаёмістыя галіны: авіяракетная, радыёэлектронная (ЭВМ і інш. абсталяванне), маш.-буд. (прылада- і аўтамабілебудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання), металаапр., хім., гумаватэхн., паліграф., харчовая. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 3,2, свіней — 0,63, свойскіх птушак — 4,1. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, бульбу, сланечнік, сорга, сеяныя травы. Садоўніцтва і агародніцтва. Чыг. і аўтамаб. транспарт. Міжнар. аэрапорт. Значныя даходы прыносіць турызм (6,4 млрд. дол.).

М.​С.​Вайтовіч.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)